У Маскве затрымалі Юрыя Баранчыка з агенцтва «Рэгнум» – куратара беларусафобаў


У агенцтве мяркуюць, што затрыманне «замовілі» беларускія ўлады.

Паводле расейскага агенцтва, Менск «са снежня 2016 году вядзе палітычны пераслед аўтараў і супрацоўнікаў агенцтва «Рэгнум» па надуманых абвінавачваннях у «распальванні міжнацыянальнай варожасці».

Агенцтва паведамляе, што да Юрыя Баранчыка не пускаюць адваката.

«У ходзе расследавання крымінальнай справы ў дачыненні Сяргея Шыптэнкі, Юрыя Паўлаўца і Дзмітрыя Алімкіна ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці), была ўстаноўлена датычнасць да супрацьпраўнай дзейнасці і грамадзяніна Беларусі Юрыя Баранчыка, які жыве ў Маскве. Следчы вынес пастанову аб ужыванні да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і абвяшчэння ў вышук. Цяпер Баранчык затрыманы ў межах аперацыі «Вышук» у Маскве. Вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі ў Рэспубліку Беларусь», – сказаў у размове з nn.by прэс-сакратар Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

Нагадаем, у снежня Следчы камітэт затрымаў адразу трох калумністаў расейскіх выданняў «Рэгнум», «Lenta.ru» і «EADaily». Адзін з затрыманых – выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец, другі – школьны ахоўнік з Берасця Дзмітрый Алімкін, трэці – менскі карэспандэнт «Рэгнум», галоўны рэдактар ​​часопісу «Новая эканоміка» Сяргей Шыпценка.

Паводле следства, вышэйзгаданыя асобы пад псеўданімамі пісалі артыкулы «антыбеларускага» зместу. Іхным куратарам ды рэдактарам быў Юрый Баранчык.

Баранчык неаднаразова крытыкаваў афіцыйны Менск за «прымусовую беларусізацыю». Раней Баранчык працаваў у аналітычным цэнтры Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

ЮВ, belsat.eu, паводле regnum.ru, tut.by

Стужка навінаў