У Маскве затрымалі вядомага рэжысёра Кірыла Сярэбранікава


Мастацкі кіраўнік маскоўскага тэатра «Гогаль-цэнтр», рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў затрыманы Следчым камітэтам Расеі – яго падазраюць у арганізацыі махлярства ў асабліва буйным памеры.

Як паведамляе сайт СК, яго падазраюць у крадзяжы 68 млн. расейскіх рублёў, выдзеленых у 2011-2014 гадах на рэалізацыю праекту «Платформа». Следства мае намер прадʼявіць Кірылу Сярэбранікаву абвінавачванне ў здзяйсненні гэтага злачынства, а таксама вырашыць пытанне аб абранні меры стрымання.

Раней, у траўні, следчыя правялі ператрусы ў кватэры Сярэбранікава і ў «Гогаль-цэнтры». У рамках расследавання крымінальнай справы праваахоўнікі забралі ў Сярэбранікава замежны пашпарт для правядзення экспертызы. Многія расейскія дзеячы культуры выступілі тады ў абарону Сярэбранікава. Уладзіміру Пуціну быў перададзены ліст у падтрымку Сярэбранікава. У прыватнасці, ліст падпісалі Яўген Міронаў, Чулпан Хаматова, Алег Табакова, Сяргей Гармаш, Марк Захараў ды іншыя вядомыя артысты і рэжысёры.

Сярэбранікава неаднаразова крытыкавалі прыхільнікі сённяшняй расейскай улады, вінавацілі рэжысёра ў паклёпніцтве на Расею.

«Я нічога не баюся, у мяне ўсё гэта было. Памятаю абмеркаванне фільму «Юрʼеў дзень» на тэлебачанні, калі крычалі: такога не бывае, вы паклёпнічаеце на Расею. Мы ўжо ў чорных спісах нейкіх цемрашалаў. Калі чытаю, колькі было судовых пераследаў у Пазаліні за ягоныя фільмы ў Італіі, то гэта акурат супадае з ягонай фільмаграфіяй. Відаць, так і трэба працаваць. Калі твой фільм нічога не пакідае пасля сябе, то навошта яго здымаць?», – адзначаў у інтэрв’ю «Белстау» Сярэбранікаў летась.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў