У Маскве затрымалі шасцярых беларусаў, якія збілі дваіх паліцыянтаў


У расейскай сталіцы затрымалі шасцярых беларусаў.

Яны атакавалі дваіх паліцыянтаў у гатэлі ў цэнтры гораду, паведаміла Агенцтву гарадскіх навінаў «Масква» крыніца ў праваахоўных органах.

Як распавяла крыніца, у паліцыю ад аховы гасцініцы паступіла паведамленне аб тым, што адзін з гасцей, будучы нецвярозым, хуліганіць.

«На месца прыбылі двое супрацоўнікаў паліцыі, якія заклікалі грамадзяніна спыніць парушаць парадак. У адказ мужчына нецэнзурна аблаяў праваахоўнікаў, і тыя прынялі рашэнне затрымаць хулігана. Але мужчына пачаў аказваць супраціў і клікаць на дапамогу, і тады з пакоя гасцініцы выйшлі некалькі грамадзянаў, якія пачалі біць і адштурхоўваць супрацоўнікаў паліцыі», – распавяла крыніца.

Паліцыянты затрымалі дваіх падазраваных, астатнія разбегліся. Аднак неўзабаве на тэрыторыі гатэлю праваахоўнікі затрымалі яшчэ чацвярых мужчынаў – усе яны аказаліся грамадзянамі Беларусі.

На ўсіх затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы аб дробным хуліганстве.

Затрыманым ад 26 да 31 году, інфармуе агенцтва ТАСС.

У прэс-службе Галоўнага ўпраўлення МУС Расеі па Маскве пацвердзілі факт інцыдэнту.

«Матэрыялы праверкі па названым факце накіраваныя ў органы следства для прыняцця працэсуальнага рашэння. Зламыснікам за зробленае законам прадугледжаная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да пяці гадоў», – заявілі ў ведамстве.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў