У Маскве забілі Барыса Нямцова (18+)


У Маскве застрэлены палітык Барыс Нямцоў. Невядомы як мінімум 6 разоў стрэліў у апазіцыянера.

Ад ранаў Нямцоў памёр на месцы, пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміў супрацоўнік праваахоўных органаў. Інфармацыю пра смерць Барыса Нямцова пацвердзіў палітык Ілля Яшын.

«Магу сказаць, што ён ішоў па мосце разам з сяброўкай. Спынілася машына, з яе выйшаў чалавек і здзейсніў чатыры стрэлы», – паведаміў Яшын rbc.ru.

Ён распавёў, што не быў разам з Нямцовым ў момант забойства, але яму патэлефанавала спадарожніца палітыка, якая і пераказала яму першыя падрабязнасці. Паліцыянты таксама паведамілі, што разам з Нямцовым была дзяўчына. Цяпер яе дапытваюць у машыне МУС. Паведамляецца, што спадарожніца Нямцова – 24-гадовая грамадзянка Украіны. Яна сцвярджае, што ў расейскага апазіцыянера стралялі 6 разоў у спіну.

 

Post użytkownika Artemon Galustyan.

 

Прадстаўнікі праўладных партыяў КПРФ і ЛДПР ужо заявілі, што забойства з’яўляецца правакацыяй.

Па дадзеных ТАСС, забойства адбылося на Васільеўскім спуску. Тэлеканал РЕН паведамляе, што яго забілі на Вялікім каменным мосце. Па звестках тэлеканалу, у палітыка стралялі з аўтамабіля белага колеру.

У сваю чаргу, агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на Іллю Яшына дакладвае, што забойства адбылося на Вялікім Замаскварэцкім мосце.

«На месцы забойства працуе следчая група», – сказаў суразмоўца агенцтва.

Забойства адбылося за дзень да апазіцыйнага маршу «Вясна», які запланаваны на 1 сакавіка.

У інтэрвю выданню «Собеседник» апазіцыянер выказваў апасенні, што яго забе Пуцін.

У 2011-м годзе палітык пракаментаваў Belsat.eu планы прэм’ера Пуціна наконт стварэння Еўразійскага звязу. Тады Барыс Нямцоў адзначыў, што ніякіх шанцаў на паляпшэнне стасункаў паміж «расейскім і беларускім дыктатарамі» няма.

«Кожны з іх змагаецца за ўладу і намагаецца падпарадкаваць другога», – заявіў Нямцоў. І дадаў, што ў сітуацыі, калі Лукашэнка сваім дрэнным кіраваннем давёў Беларусь да глыбокага крызісу, Пуцін будзе імкнуцца гэта выкарысаць і «паставіць беларускую эканоміку на калені». Рабілася б гэта за кошт вялізных валютовых рэзерваў Расеі і сітуацыі на нафтавым рынку.

«Лукашэнка не з’яўляецца чалавекам, які быў бы ў стане выратаваць гаспадарку сваймі маніякальнымі ідэямі наконт улады і эканомікі. Яго дыктатура азначае маразм. Аднак бачна, што ён не збіраецца дзяліць уладу з кім-небудзь, у тым ліку і з Пуціным», – дадаў палітык.

Барыс Нямцоў меркаваў, што інтэграцыя Расеі і Беларусі магчымая толькі калі, «абедзве краіны стануць дэмакратычнымі і разам пойдуць у бок Еўропы».

Барыс Нямцоў – адзін з самых адметных расейскіх палітыкаў 1990-ых і 2000-ых гадоў. У 1991-1997 гадах ён займалі пасаду губернатара Ніжагародскай вобласці і адзін час лічыўся пераемнікам Барыса Ельцына. Нямцоў таксама быў адным з лідараў «Союза правых сил». З 1999 па 2003 год палітык засядаў у Дзярждуме. У 2000-ых ён займаўся апазіцыйны дзейнасцю і ўваходзіў практычна ва ўсе аб’яднанні пазакрамлёўскай апазіцыі.

Стужка навінаў