У Маскве сарвалі паказ фільму пра Галадамор


Свіная галава і косткі пад Украінскім культурным цэнтрам у Маскве. Фота kp.ru

Гэтак званыя «актывісты» заявілі ў Маскве, што не згодныя з тым, што Галадамор – гэта генацыд украінскага народу.

У Маскве 26 лістапада перад Украінскім культурным цэнтрам прайшла «акцыя пратэсту» ў сувязі з угодкамі Галадамору. Каля двух дзясяткаў «актывістаў» на чале з муніцыпальным дэпутатам раёну Якіманка Дзмітрыем Захаравым, прыйшоўшы пад Украінскі культурны цэнтр, заявілі, што не згодныя са сцвярджэннем, што Галадамор – гэта генацыд украінцаў.

Жыхары Масквы сарвалі паказ фільму «Голад-33», які меў прайсці ва Украінскім цэнтры, назваўшы яго «русофобскім». «Актывісты» зладзілі «інсталяцыю» – расклалі пад украінскім сцягам ля ўваходу ў цэнтр косці і свіную галаву, а таксама плакат «Міф галадамору – хлусня і скокі на касцях». Пры гэтым паліцыя ў дзеянні «актывістаў» не ўмешвалася.

Украіна ўшаноўвае памяць ахвяраў Галадамору 1932-1933 гадоў. Сёлета спаўняецца 84-я гадавіна арганізаванага ўладамі СССР генацыду ўкраінскага народа – Галадамору 1932-1933 гадоў. Паводле звестак даследавання, праведзенага Інстытутам дэмаграфіі і сацыяльных даследаванняў імя Міхайла Птухы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны сумесна з амерыканскімі даследнікамі, ва Украіне ў 1932-1934 гадах ад голаду памерлі каля 4 мільёнаў чалавек, або 13 % усяго насельніцтва.

У Кіеве, іншых гарадах Украіны прайшлі жалобныя акцыі памяці ахвяр Галадамору.

МЯ, паводле kp.ru

Глядзі таксама
Каментары