Жонка Ельцына, Чубайс, мільярдэр Прохараў: чарга на цырымонію развітання з Барысам Нямцовым расцягнулася на 700 метраў


Развітацца з Барысам Нямцовым прыйшлі старшыня праўленьня «Раснана» Анатоль Чубайс, кіраўнік «Расатама» Сяргей Кірыенка, былы міністар фінансаў Аляксей Кудрын, расейскі мільярдэр Міхаіл Прохараў ды жонка экс-прэзідэнта Расеі Наіна Ельцына. Першыя асобы дзяржавы не прыйшлі.

Удава былога прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына Наіна прыехала развітацца з Барысам Нямцовым, інфармуе «РИА Новости». Уладзімір Пуцін і прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў не прымалі ўдзел у грамадскай паніхідзе. Замест іх на цырымонію прыйшоў прадстаўнік прэзідэнта ў Дзярждуме Гары Мінх.

Чарга на развітанне з палітыкам дасягае 700 метраў, паведамляе ў Twitter Георгій Албураў.

2 сакавіка прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў Барыса Нямцова ордэнам Свабоды.

У ноч на 28 лютага невядомыя забілі Барыса Нямцова ў цэнтры расейскай сталіцы непадалёк ад Крамля. Апазіцыйны палітык будзе пахаваны на Траекураўскіх могілках у Маскве.

НМ, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў