У Маскве адбудуцца пратэсты супраць цэнзуры ў інтэрнэце


фота REUTERS

Cёння ў Маскве адбудзецца марш «За вольны інтэрнэт».

Шэсце пройдзе ад Страснога бульвару да праспекту Сахарава. Галоўныя патрабаванні арганізатараў акцыі – скасаваць цэнзуру ў інтэрнэце, рэабілітаваць фігурантаў крымінальных спраў «за рэпосты і лайкі», а таксама адправіць у адстаўку кіраўніка Раскамнагляда Аляксандра Жарава.

Заяву ў мэрыю падавалі Партыя народнай волі, «Дэмакратычны выбар», Партыя 5 снежня, Пірацкая партыя Расеі, Лібертарыянская партыя і рух «Роскомсвобода». 16 ліпеня аналагічная акцыя прайшла ў Санкт-Пецярбургу.

Як адзначыў сябар маскоўскага рэгіянальнага аддзялення партыі ПАРНАС Эміль Халікаў у інтэрвʼю расейскай службе Радыё Свабода, «перадумоваў для правядзення маршу бясконцая колькасць»: ад пакета Яравой да блакавання ананімных месэнджэраў.

21 ліпеня дэпутаты Дзярждумы прынялі ў трэцім, канчатковым чытанні законы пра рэгуляванне працы месэнджараў і пра забарону сродкаў абыходу блакаванняў сайтаў.

Закон пра месэнджэры абавязвае адміністрацыю сэрвісаў вызначаць асобу карыстальніка (па нумары тэлефона). Гэты дакумент уступіць у сілу з 1 студзеня 2018 года.

А з 1 лістапада 2017 года пачне дзейнічаць закон, які забароніць выкарыстанне ананімайзераў і VPN. Выяўляць, ці карыстаецца чалавек такімі ананімайзерамі, будуць ФСБ і МУС Расеі. Чакаецца, што цяпер абодва дакументы павінны быць ухвалены Саветам Федэрацыі і падпісаны прэзідэнтам Пуціным.

КА, belsat.eu, паводле svoboda.org

Глядзі таксама
Каментары