У Маларыцкім раёне памежнікі са стралянінай затрымалі кантрабандыстаў мяса


Памежнікі затрымалі двух мужчынаў, якія нелегальна перавезлі праз мяжу больш за 1,6 т мяса.

Пра гэта паведамілі ў Берасцейскай Чырванасцяжнай памежнай групе імя Дзяржынскага.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 5 на 6 сакавіка. Памежнікі спынілі два аўты, якімі кіравалі жыхары Маларыты 1988 і 1993 гадоў нараджэння. Пры гэтым кіроўца аднаго з аўтаў праігнараваў патрабаванне спыніцца і паспрабаваў уцячы. Т

олькі пасля папераджальнага стрэлу з аўтамата парушальнік спыніўся, яго затрымаў памежны нарад. Агулам мужчыны перавозілі 36 цялячых туш, якія незаконна перамясцілі праз мяжу з Украінай у абыход пункта пропуску.

Увезенае без ветэрынарнага і санітарнага кантролю мяса меркавалася рэалізаваць на тэрыторыі Беларусі.

У парушальнікаў канфіскавалі прадукцыю масай больш за 1,6, т коштам звыш за Br 4 тыс., а таксама транспартныя сродкі. У дачыненні да мужчынаў распачатыя адміністрацыйныя справы паводле ч.1 ст.23.30 КаАП (парушэнне памежнага рэжыму). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – 1225 рублёў штрафу.

НМ, belsat.eu, паведамляе БелТА, фотаздымак Дзяржаўны памежны камітэт

Стужка навінаў