У Маладзечне затрымалі актывіста Паўла Сяргея


У Маладзечне затрыманы актывіст Павел Сяргей, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Актывіста затрымалі 14 траўня блізу 17:00 гадзіны за ўдзел у пікеце супраць будаўніцтва свінакомплексаў, які прайшоў перад будынкам Маладзечанскага райвыканкаму 12 траўня.

Нагадаем, у пікеце, які перарос у мітынг, узялі ўдзел восем чалавек, у тым ліку каардынатар аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў Менскай вобласці Павел Пракаповіч і старшыня барысаўскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») Аляксандр Абрамовіч. Пазней да яго далучыліся і актывісты грамадзянскай экалагічнай ініцыятывы «Кошт жыцця», у якую ўваходзіць і Павел Сяргей.

Удзельнікі пікету пратэставалі супраць будаўніцтва комплексаў без належнай экалагічнай прапрацоўкі гэтых абʼектаў. Яны трымалі плакаты «Не свінству ўладаў!» і «Хто адкажа за знішчаную экалогію?». Актывісты-эколагі разгарнулі расцяжкі «Не будаўніцтву свінарніка!» і «Будуючы свінарнік, капаеце сабе магілу!».

Пікет скончыўся складаннем пратаколаў у дачыненні да ўдзельнікаў.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў