У Маладзечна пасля родаў памерла 27-гадовая жанчына


Гэта ўжо другі падобны выпадак за паўгода ў Маладзечне. Жанчына нарадзіла сама, здаровага немаўля, ноччу 5 красавіка, у Маладзечанскім радзільным доме. Праз некалькі гадзінаў яна памерла.

Другая смерць за паўгода

Пра трагічны выпадак «Белсату» распавёў прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту па Маладзечна, праваабаронца Эдуард Баланчук. Ён цяпер займаецца аналагічным здарэннем – смерцю парадзіхі ў Маладзечанскай радзільні ў кастрычніку мінулага году.

Пракуратура Маладзечанскага раёну пацвярджае факт смерці жанчыны, і паведамляе, што вядзецца правяранне.

«Даваць нейкую ацэнку гэтаму здарэнню я лічу заўчасным, – пракаментаваў выпадак мясцоваму парталу kraj.by пракурор Маладзечанскага раёну Ўладзімір Дубоўскі. – Магу толькі запэўніць, што гэтай трагедыі праваахоўныя органы нададуць самую пільную ўвагу. Нажаль, людзі паміраюць ва ўстановах аховы здароўя. Але гэты выпадак не шэраговы, таму пасля неабходнай праверкі мы дадзім яму прававую ацэнку».

Намеснік галоўнага доктара Маладзечанскай цэнтральнай раённай больніцы па дзяцінству і родаўспамажэнню Наталля Свірыда каментаваць сітуацыю адмовілася.

«Па тэлефоне мы каментары не даем увогуле ў прынцыпе, – сказала Наталля Свірыда. – Я не бачу вас, і не ведаю, з кім размаўляю. Гэта юрыдычна няправільна – даваць інфармацыю пра стан здароўя ці смерці пацыентаў, якія не далі на гэта згоды».

Паводле крыніцаў у радзільні, прычынай смерці жанчыны стаў анафілактычны шок.

Гэта не першы выпадак смерці маладой маці ў Маладзечанскай радзільні. Ад анафілактычнага шоку і вострай сардэчна-лёгачнай недастатковасці 27 кастрычніка 2015 года тут памерла 23-гадовая Вікторыя Мышук.

Чытайце таксама: Радзільня гэта ці канцлагер? Шчыры і шакуючы аповед пра тое, як гэта – нарадзіць у Беларусі

Справу Вікторыі ўзяў на кантроль Беларускі Хельсінскі камітэт. Як паведаміў Эдуард Баланчук, выпадак дагэтуль разглядаецца ў следчым камітэце, які чакае вынікаў экспертызы, каб вызначыцца – адкрываць справу ці не, і ці будзе нехта несці адказнасць.

«У Маладзечна зараз усе ў шоку, і не разумеюць, што гэта робіцца, што другая смерць за паўгода, – кажа спадар Баланчук. – Вікторыя Мышук была здаровай дзяўчынай, ішла нараджаць з усмешкай, нарадзіла сама здаровага хлопчыка, сама ж дайшла да палаты, патэлефанавала родным. І тут раптам шок… Зараз зноў тое самае…»

Паводле праваабаронцы, у бацькоў Вікторыі дагэтуль шмат пытанняў. Яны настроеныя змагацца за справядлівасць і адкрытасць расследавання.

Беларускія шпіталі – як турмы за калючым дротам

Эдуард Баланчук зазначае, што праваабаронцам працаваць са справамі, што датычаць сістэмы аховы здароўя ў Беларусі зусім няпроста.

«Дактары хаваюцца за закон аб не раскрыцці інфармацыі пра стан здароўя чалавека. Але часта гэта не проста ахова асабістай інфармацыі, а суцэльная закрытасць, у якую прабіцца амаль немагчыма яшчэ з савецкіх часоў. У выніку мы не ведаем, што Міністэрства аховы здароўя робіць па слядах гэтых трагічных выпадкаў. Якія яны высновы зрабілі, якія крокі па расследаванні сітуацыі, каб перадухіліць гэта ў будучым. Ніхто пра гэта людзям не кажа, перад грамадскасцю няма ніякіх справаздач», – кажа спадар Баланчук.

Асаблівую ўвагу праваабаронца звяртае на радзільныя дамы.

«Скрайняя закрытасць беларускіх радзільных дамоў, асабліва ў рэгіёнах – гэта ненармальна. У свеце апошніх падзей я лічу, што безумоўна ў нас патрэбная нейкая арганізацыя ці проста праваабаронцы, якія будуць займацца менавіта правамі жанчыны і яе сям’і падчас цяжарнасці і родаў. І трэба дамагацца празрыстасці і адкрытасці нашай медыцынскай сістэмы, Міністэрства аховы здароўя. Калі ёсць кантроль грамадскасці, то і больш празрыстасці. Калі гэта ўсё закрыта, як у турме, і ёсць вялікі забор за калючым дротам, і што там робіцца, невядома. Я не хацеў бы, каб нашыя шпіталі былі вялікай турмой за вялікім плотам. А зараз гэта падобна і выглядае».

Паводле Міністэрства аховы здароўя, з 1990-га года да 2015-га мацярынская смяротнасць у Беларусі знізілася на 87,9%. Гэты паказнік лічыцца адным з самых нізкіх у свеце, і паводле яго Беларусь знаходзіцца на адным узроўні з Італіяй, Швецыяй і Чэхыяй. Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў радзільнае аддзяленне гарадской клінічнай больніцы №5 у Менску напрыканцы мінулага году, яму дакладвалі, што з 2010 года ў Беларусі быў толькі адзін выпадак смерці парадзіхі. Пры гэтым зазначалася, што ў 2015 годзе такіх выпадкаў увогуле не было.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў