У Македоніі пашыраюцца антыўрадавыя пратэсты. Дэманстранты: «Будзем блакаваць вуліцы, пакуль прэм’ер-міністр не сыдзе»


Частка мітынгоўцаў разбіла намётавы лагер каля Дому ўраду і не збіраецца сыходзіць, пакуль Нікала Груеўскі не пакіне пасады прэм’ер-міністра. На вуліцы Скоп’я выйшлі больш за 10 тысячаў чалавек. Людзі, якія едуць у сталіцу з усёй краіны, абвінавачваюць цяперашняга кіраўніка ўраду ў злоўжыванні ўладаю ды патрабуюць ягонай адстаўкі.

Нікала Груеўскі прадстаўляе кансерватыўную партыю і ўжо 9 гадоў займае крэсла прэм’ер-міністра краіны.

Левацэнтрысты абвінавачваюць Груеўскага ў фальсіфікацыі выбараў, карупцыі, аўтарытарным рэжыме і ўтойванні забойства. Урад адхіляе ўсе абвінавачванні і заклікае апазіцыю спыніць дэстабілізацыю ў краіне.

Сёння ў цэнтры гораду мусіць адбыцца акцыя праўладавых сілаў.

З чаго ўсё пачыналася

Антыўрадавыя пратэсты пачаліся некалькі месяцаў таму на фоне скандалу з праслухоўваннем македонскімі спецслужбамі 20 тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў апазіцыі, журналістаў, дыпламатаў, рэлігійных лідараў, суддзяў і прадстаўнікоў выбарчай камісіі. У выніку апублікавання аўдыязапісаў два міністры і кіраўнік службы бяспекі сышлі ў адстаўку.

Эканамічная сітуацыя ў краіне таксама ў заняпадзе: беспрацоўныя каля 28 % насельніцтва, 450 тысяч чалавек выехалі ў пошуках лепшага жыцця. Македонія лічыцца адной з найбяднейшых краінаў Еўропы – горш сітуацыя толькі ў Албаніі.

Крывавыя закалоты ў Куманаве

Сітуацыя абвастрылася 9 траўня, калі ў македонскім горадзе Куманаве ў ходзе перастрэлкі загінулі 8 паліцыянтаў і 14 баевікоў, этнічных албанцаў.

Тэрарысты незаконна перасеклі мяжу і планавалі здзейсніць налёт на дзяржаўныя ўстановы, гандлёвыя цэнтры і спартыўныя імпрэзы. Апазіцыя тады заявіла, што ўрад спрабуе адцягнуць увагу грамадства ад палітычнага крызісу.

Аднак справа не толькі ва ўнутранай палітыцы, мяркуюць замежныя СМІ. «Расея таксама грае сваю ролю», напісала аўстрыйская газета «Der Standard». Часопіс падкрэслівае, што эксперты праводзяць паралелі з вайной на Данбасе і папярэджваюць аб магчымым развіцці падзей па ўкраінскім сцэнары.

А што на гэта Расея

Крэмль ужо выказваўся па канфлікту ў Македоніі. Сяргей Лаўроў абвінаваціў «Захад у спробе падштурхнуць краіну да «каляровай рэвалюцыі» праз тое, што дзяржава адмовілася накласці санкцыі на Расею з-за канфлікту ва Украіне», падае словы міністра замежных спраў РФ Reuters.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў