У Магілёве затрымалі неанацыстаў, якія апаганілі габрэйскі помнік


Затрыманы неанацыст

Міліцыя затрымала чатырох парушальнікаў-антысемітаў.

Затрыманне адбылося 22 лістапада – праз тры дні пасля таго, як вандалы аблілі чорнай фарбай памятны знак, прысвечаны габрэям – ахвярам нацызму.

Ініцыятарам акту вандалізму стаў 19-гадовы хлопец, разам з якім былі тры няпоўнагадовыя памагатыя, усе – навучэнцы мясцовых каледжаў.

Падазраваныя прытрымліваюцца ультраправых ідэяў нацызму і зʼяўляюцца ўдзельнікамі нефармальнага руху магілёўскіх неанацыстаў, адзначаюць у МУС.

Адзін з іх цягам гэтага года ўжо двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 17.10 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (прапаганда і (альбо) публічнае дэманстраванне, выраб ці распаўсюд нацысцкай сімволікі альбо атрыбутыкі).

Відэасюжэт «Белсату» пра апаганьванне помніка ў Магілёве

Выбар месца і абʼекта для цынічнай выхадкі планаваўся загадзя. Прыкладна месяц удзельнікі групы вывучалі мясцовыя славутасці і памятныя для габрэяў месцы. Правядзенне «акцыі» было прымеркаванае да свята Шабат.

Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэту ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі (хуліганства, здзейсненае групай асобаў).

Помнік «У памяць аб габрэяў Магілёўшчыны – ахвярах нацызму» знаходзіцца ў цэнтры Магілёву (каля дому N 10 па вул. Першамайскай).

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў