У Магілёве затрымалі расейца, які скраў больш за $ 100 тыс.


Праваахоўнікі даведаліся пра крадзеж яшчэ 28 студзеня.

З розніцай у некалькі хвілінаў чатыры магілёўскія індывідуальныя прадпрымальнікі падалі ў міліцыю адпаведныя заявы, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкаму. Знаёмыя між сабой прадпрымальнікі сцвярджалі, што ў гэты дзень з кватэры аднаго з іх па вуліцы Вавілава ў Магілёве былі выкрадзеныя іх агульныя грошы сумай $ 65 тыс., 2,5 млн расейскіх рублёў, а таксама 1, 2 тыс. кітайскіх юаняў. Грошы мужчыны падзялілі на чатыры роўныя часткі і захоўвалі ў кватэры, уладальнік якой толькі вярнуўся з-за мяжы і, выявіўшы прапажу, адразу ж звярнуўся па дапамогу да праваахоўнікаў.

Як міліцыя адрэагавала на паведамленне пра крадзеж («Асабісты капітал»)

Супрацоўнікі аддзелу крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС г. Магілёва высветлілі, хто пранік у чужую кватэру і выкраў вялікую суму грошай: ім аказаўся 30-гадовы грамадзянін Расеі, раней неаднаразова судзімы за крадзяжы і крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі.

Працуючы прадаўцом у краме аднаго з магілёўцаў, ён ведаў, што ўсю бухгалтэрыю арганізацыі вядзе жонка прадпрымальніка, з якой яны па-сяброўску размаўлялі на працы. Жанчына заўсёды трымала ключы ад кватэры ў кішэні верхняга адзення, і аднойчы яны незаўважна для гаспадыні выпалі на падлогу. Прадавец крамы падабраў іх, зрабіў дублікат, пасля чаго паклаў назад.

Малады чалавек ведаў, што сямейная пара валодае сродкамі для набыцця кватэры – маладая жанчына разглядала варыянты ў інтэрнэце. Таксама ён ведаў, што муж і жонка збіраюцца ляцець на адпачынак – пуцёўкі былі замоўленыя праз інтэрнэт, і жанчына, не хаваючы, абмяркоўвала будучае падарожжа з калегамі.

Дачакаўшыся, пакуль прадпрымальнік з жонкай зʼедзе, мужчына бесперашкодна прабраўся ў кватэру, адкуль і забраў грошы.

Парушальніка затрымалі і канфіскавалі ў яго частку выкрадзенага. Праўда, мужчына да апошняга адмаўляўся, пераканаўча даказваючы праваахоўнікам, што не вінаваты.

Паводле начальніка аддзелу крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС г. Магілёва Дзмітрыя Сільванькова, па гэтым факце Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 205 Крымінальнага кодэксу Беларусі (крадзеж, учынены ў асабліва буйным памеры). Расейцу пагражае да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары