У Магілёве затрымалі лідара футбольнай групоўкі «Сям’я»


Аператыўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС затрымалі лідара і актыўнага ўдзельніка магілёўскай каляфутбольнай групоўкі «Сям’я».

Як паведамляе сайт магілёўскай міліцыі, па справе аб злосным хуліганстве ў Рагачове праходзяць пяць чалавек з гэтай групоўкі. У снежні 2014 года кампанія магілёўцаў (у тым ліку непаўналетніх) прыехала ў госці да рагачоўскіх фанатаў. У адным з начных клубаў яны жорстка збілі семярых мясцовых жыхароў. Усе яны пасля сустрэчы з магілёўцамі трапілі ў траўматалогію. Па факце бойкі Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.

Аператыўны супрацоўнік МУС у каментары тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў, што ў групоўку «Сям’я» уваходзіць каля 20 чалавек.

Аператыўны супрацоўнік 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС: «Пракуратурай Гомельскай вобласці лідар і актыўны ўдзельнік арыштаваныя, тры актыўныя ўдзельнікі – на падпісцы аб нявыездзе ў сувязі з іх непаўналетнім узростам. Былі знойдзены каля 20 актыўных удзельнікаў гэтай групоўкі».

Групоўка «праславілася» у траўні. Тады ў адным з магілёўскіх караоке-клубаў адбылася жорсткая бойка. Хлопцы білі адпачывальнікаў, выкрыкваючы нацысцкія лозунгі. Паведамляецца, што сярод чальцоў групоўкі вітаюцца неанацызм і расізм.

ЮВ, belsat.eu, паводле euroradio.fm

Стужка навінаў