«Не прынцыпова, каго забіваць». Суд над Уладам Казакевічам


У Магілёве распачаўся судовы працэс над Уладзіслава Казакевічам. «Хлопца з бензапілой», які забіў жанчыну ў гандлёвым цэнтры ў Менску ў 2016 годзе, цяпер вінавацяць у нападзе на кантралёра ў шклоўскай калоніі.

Казакевічу прад’яўлена абвінавачванне паводле арт. 139 (замах на забойства двух асобаў у сувязі з ажыццяўленнем імі службовых абавязкаў асобай, якая раней учыніла забойства) і арт. 410 (дзеянне, што дэзарганізуе працу папраўчай установы). Яму пагражае да 25 гадоў зняволення.

18.00

У судзе абвешчаны перапынак праз сканчэнне працоўнага дня. Працяг – заўтра, 12 красавіка ў 10:00.

17.45

Пачаў даваць паказанні другі пацярпелы – Аляксей Маскалёў. супрацоўнік шклоўскай калоніі №17. Паводле яго словаў, Казакевіч на стан здароўя не наракаў, але стаяў напрафілактычным уліку і таму да яго была павышаная ўвага. Маскалёў характарызуе Казакевіча як закрытага, але спакойнага чалавека.

«Толькі за 4-5 дзён да нападу Казакевіч паводзіў сябе вельмі агрэсіўна, стаў гаваркім», – кажа ён.

Разам з тым, пагрозаў ад казакевіча Маскалёў не чуў.

17.10

Начальнік калоніі кажа, што запіска нідзе не рэгістравалася. Следчаму перадалі запіску толькі праз 5 дзён пасля нападу.

16.50

10 кастрычніка 2017 года начальніку калоніі перадалі запіску, дзе паведамлялася пра магчымы напад на яго. Адвакат цікавацца, чаму з праверкай да Казакевіча прыйшлі толькі 12 кастрычніка. Начальнік калоніі адказвае, што цягам 2 дзён яны “правяралі інфармацыю”. Дзе гэтая запіска цяпер – ён не ведае.

16.45

Адвакат: ці варта ўлічваць дыягназ Казакевіча пры накладанні спагнання? Начальнік калоніі пагаджаецца і кажа, што інфармацыя аб стане здароўя Казакевіча ёсць у калоніі, але ён з ёй не знаёміўся.

«Пра тое, што ў Казакевіча дрэнны зрок, я даведаўся з ліста ягонага бацькі, дзе гаварылася пр знікненне акуляраў у ягонага сына».

16.30

Суддзя: чаму спачатку Казакевіча каралі ШІЗА, а за два тыдні да інцыдэнту з нажом пакаранні змянілі на вымовы, хаця парушэнні засталіся тыя ж?

Начальнік калоніі: «Тут няма лагічнага тлумачэння. Я не хацеў яго караць»

16.15

Суддзя запытвае наконт чарговага спагання, накладзенага на Казакевіча за тое, што быў без курткі.

«За гэта што, трэба даваць ШІЗА? Жарсткавата»

15.51.

Суддзя запытвае, наколькі гэта сур’ёзныя парушэнні – сон на падлозе і хада ў адзіночку, за якія Казакевічу давалі ШІЗА. Казакевіч пісаў тлумачэнні наконт гэтых выпадкаў, што болей парушаць не будзе. Але амаль не выходзіў з ШІЗА, на яго накладалі спагнанні адно за другім.

15.45.

Суддзя Сяргей Каралёў пытаецца ў Петраковіча, чаму адразу такое суворае пакаранне? Чалавек толькі прыбыў у калонію, яшчэ не ведаў правілаў, а яму адразу 10 содняў ШІЗА даюць?

Петраковіч адказвае, што гэта жорсткае парушэнне і што ён сам вырашаў, якім будзе пакаранне менавіта ў тым выпадку.

Суддзя працягвае пералічваць парушэнні Казакевіча ў калоніі. Называе падобныя выпадкі, калі Казакевіч адмовіўся выконваць «законныя патрабаванні супрацоўнікаў калоніі», але быў пакараны не так жорстка.

Згадваюцца і іншыя спагнанні, якія кіраўнік шклоўскай папраўчай калоніі №17 накладаў на Казакевіча. Напрыклад, Казакевічу далі 5 месяцаў у памяшканні камернага тыпу за тое, што ён адмовіўся ад пазачарговага дзяжурства.

15.22.

Пасля перапынку ў судзе пачаўся допыт пацярпелых. Першага апытваюць кіраўніка калоніі Сяргея Петраковіча. Ён пры інцыдэнце не прысутнічаў, але тлумачыць агульную сітуацыю з Казакевічам: хлопец хітры, замкнёны, але ў яго адэкватнасці сумневаў не было. Медычны дагляд ён праходзіў перад кожным спагнаннем, ніякіх праблемаў не было. Казакевіч атрымаў свае першыя содні ў ШІЗА ў калоніі адразу па прыбыцці: асабіста кіраўнік калоніі даў яму 10 содняў за тое, што пры прыбыцці адмаўляўся выконваць «законныя патрабаванні супрацоўнікаў калоніі» і за лаянку. Пасля кіраўнік калоніі яшчэ 5-6 разоў асабіста накладаў на Казакеіча спагнанні, у тым ліку і ШІЗА.

Ніякіх паведамленняў да кіраўніка пра тое, што ў Казакевіча маюцца небяспечныя думкі, не паступала пакуль да Петраковіча не прынеслі запіску з паведамленнем, што асуджаны збіраецца зладзіць на яго напад. На пытанне, ці была ў Казакевіча такая магчымасць зладзіць напад, кіраўнік калоніі адказаў: што толькі ў выпадку, калі яго няякасна даглядзелі.

**

Інцыдэнт, за які судзяць хлопца, адбыўся 12 кастрычніка 2017 года ў шклоўскай калоніі. Паводле следства, падчас праверкі Казакевіч быў выведзены з камеры.

«Пры правядзенні надгляду асуджанага з дапамогай металадэтэктара ўстаноўлена, што ў яго ў левым рукаве знаходзіцца металічны прадмет. Пасля каманды кантралёра «заставацца ў становішчы для ператрусу» Казакевіч выхапіў з левага рукавы нож, якім спрабаваў нанесці ўдар у вобласць грудной клеткі аднаму з супрацоўнікаў калоніі. Апошні ўжыў прыёмы самаабароны, аднак зняволены паспеў параніць другога кантралёра, прычыніўшы яму колатыя раны галавы», – заяўлялі раней у Следчым камітэце.

Казакевіча этапавалі ў суд Ленінскага раёну Магілёва пад узмоцненым канвоем, у залю яго завялі ў кайданках з нахіленай уніз галавою.

Улад Казакевіч, 11 красавіка. Фота – Аліна Скрабунова

Даваць паказанні на судзе Казакевіч адмовіўся, таму на працэсе пачалі зачытваць яго паказанні на папярэднім следстве. На допыце Казакевіч казаў, што хацеў напасці з нажом на начальніка калоніі, таму што «да яго была вялікая непрыязнасць», але паколькі зброю знайшлі – напаў на кантралёра. «Кантралёр пад руку трапіўся, параніў трошкі. Ну, мне не прынцыпова, каго забіваць. Кантралёру дакладна адзін удар у галаву быў», – цытуе словы Казакевіча TUT.by.

Адвакат Уладзімір Сташкевіч назваў гэты допыт «недапушчальным доказам», бо гутарка з Казакевічам праходзіла без абаронцы, хоць быў заключаны дагавор на аказанне юрыдычнай дапамогі. Інтарэсы падазраванага тады прадстаўляў іншы адвакат. Іншыя адвакаты на судзе звярнулі ўвагу на дзіўныя паводзіны і адказы Казакевіча на допыце, што можа сведчыць аб псіхічным захворванні або ўжыванні нейкіх лекаў.

У Казакевіча тры адвакаты – Аляксандр Галіеў, Таццяна Савіцкай і Ўладзімір Сташкевіч. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка ўдзельнічае ў працэсе ў якасці сведкі абароны. Паводле Бандарэнкі, бок абароны мусіць дамагчыся правядзення паўторнай псіхіятрычнай экспертызы Казакевіча, бо, на думку праваабаронцы, хлопец з’яўляецца псіхічна хворым.

У Ленінскім райсудзе Магілёва. Міліцыянты і Андрэй Бандарэнка

Пацярпелымі па справе прызнаныя тры чалавекі – начальнік папраўчай калоніі Сяргей Петраковіч, ягоны намеснік Аляксей Маскалёў і кантралёр Аляксей Кузан.

Бацька Ўлада Казакевіча

Нагадаем, 8 кастрычніка 2016 году 17-гадовы Улад Казакевіч напаў на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Еўропа» ў Менску, забіў бензапілой адну жанчыну і параніў сякерай другую. 3 сакавіка 2017 году Казакевіча асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў