У Магілёве склалі мапу Беларусі з дранікаў


29 верасня ў Магілёве зладзілі Дранік-фэст – свята бульбы і нацыянальнае кухні. Імпрэзу ўжо чацвёрты раз арганізоўвае няўрадавая арганізацыя «Цэнтр гарадскіх ініцыятываў». У аснове – спаборніцтвы ў прыгатаванні дранікаў, пакаштаваць якія ўсе госці свята могуць бясплатна.

Сярод камандаў – арганізацыі з Магілёва і Менску. Кожная каманда смажыць дранікі і раздае гасцям фестывалю ды гатуе адно фірмовае блюда на асобны конкурс для журы. Мы сабралі самыя незвычайныя стравы з Дранік-фэсту – 2018.

Дранапэ

Страву гатуюць на прыклад звыклага ўсім канапэ з драніка, шампіньёна, начыненага цыбуляй, і памідора-чэры з сырам мацарэлля. Дадаюць базілік для аздобы.

Старабеларускі дранік

У часе прыгатавання старабеларускага драніка ў бульбяную масу дадаюць вялікую колькасць засмажанай у скварках рэпчатай цыбулі. Падаюць страву пад вяршкова-маркоўным соусам са смятанна-грыбнымі фрыкадэлькамі з французскаю гарчыцай і мікразелянінаю.

Салодкі дранік

Салодкі дранік гатуюць без выкарыстання бульбы. Патрэбныя інгрэдыенты: бялок, какосавыя габлюшкі, цукар і фундук. У адрозненне ад астатніх дранікаў, прыгатаваных на Дранік-фэсце, салодкія дранікі не смажацца, а пякуцца. На смак страва нагадвае корж з торта «Кіеўскі».

Вялікі беларускі дранік

Страва паўтарае контуры Беларусі на мапе, дзе кожная вобласць – асобны дранік. Магілёўскую вобласць упрыгожвае чырвоная ікра. Падаюць з зялёнаю цыбуляю, грыбамі і беконам.

Торт «Беларускі Напалеон»

Страва складаецца з бульбяных дранікаў, якія чаргуюцца з дранікамі з пячонкі. У якасці соусу паміж каржамі ў торце – смятана з сырам і маянэз. Падаюць з гароднінаю.

Дранік з гарбузом

Страва «Смачны дранік» складаецца з маленькага драніка на аснове бульбы, гародніны і гарбуза, а таксама з вялікага драніка з мясам і кменам. У якасці дадатку да стравы прапануюць смятанны соус з брусніцамі.

Упершыню на Дранік-фэсце прэзентавалі зону закатак «Усё сваё». Звычайных гараджанаў запрасілі прыносіць сваю кансервацыю, мёд, яйкі, гародніну і садавіну з лецішча. На заклік адгукнуліся 10 чалавек. Шмат хто адмыслова для Дранік-фэсту выпякаў пірагі.

Бульбяная тэма знайшла адлюстраванне ў крэатыўных фотазонах з бульбай і каларадскімі жукамі. У зоне забаваў можна было паскакаць у мяхах з-пад бульбы, а таксама спраўдзіць сваю трапнасць у конкурсе «Бульба ў рот».

Лімітаваную прадукцыю на кулінарную тэму прэзентавала магілёўская мастачка Кацярына Красавік. Яна вырабіла арыгінальныя паштоўкі з беларускімі кулінарнымі прыказкамі.

«Торба Шоу» падышла да справы з гумарам, падрыхтаваўшы экалагічныя торбы са смешным прынтом на тэму дранікаў.

Галоўная ідэя Дранік-фэсту – падтрыманне беларускае культуры ды мовы.

 

Стужка навінаў