У Магілёве занепадае завод, пабудаваны на даручэнне Лукашэнкі


Вагонабудаўнічы завод у Магілёве стварылі 10 гадоў таму. Цяпер кіраўніцтва думае, як разлічыцца з вялізнымі пазыкамі, а працаўнікі чакаюць, што будзе пасля выбараў.

Ланцугі не прададзеных вагонаў назапашваюцца на запасных пуцях Магілёва. Мясцовы вагонабудаўнічы завод, калісьці перспектыўнае і з помпаю адчыненае прадпрыемства, перажывае не самыя лепшыя часы. Праз крызіс збыту працаўнікоў перавялі на няпоўны працоўны тыдзень, частку змусілі сысці ў адпачынак за свой кошт.

«Няма працы, не плацяць», – кажа супрацоўнік заводу.

«Зараз жа няма прыёму на завод, будуць скарачэнні, пасля выбараў сказалі, што ўсё», – кажа іншы.

Завод пачалі ствараць 10 гадоў таму па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі на базе былога Магілёўскага аўтазаводу імя Кірава. Сёння амаль стоадсоткавы ўласнік акцыяў прадпрыемства – БелАЗ. Аднак два гады таму, калі Расея адмовілася ад беларускіх вагонаў, у заводу пачаліся праблемы са збытам.

«Тое, што Расея адмовілася сертыфікаваць беларускую прадукцыю, паставіла крыж на ўсіх амбіцыях і на перспектыве вагонабудаўнічага заводу», – адзначае дацэнт, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі.

Сярод прычынаў адмовы, як мяркуе эканаміст, ужыванне колаў кітайскай вытворчасці ды пэўныя палітычныя чыннікі. Тады завод здолеў знайсці новых пакупнікоў у Казахстане. Аднак цяпер і гэты рынак пад пагрозаю. Беларускія вытворцы аказаліся ў цэнтры скандалу: у партыі вагонаў, што казахі купілі паўтара года таму, выявілі сур’ёзны брак.

«Нізкая кваліфікацыя працоўнай сілы. Справа ў тым, што заробкі былі вельмі малыя на гэтым заводзе і практычна ўсе добрыя спецыялісты разбегліся», – працягвае Пётр Мігурскі.

Вярнуць грошы казахскім кампаніям стратнае прадпрыемства не ў стане. Але нават калі гэты канфлікт развяжуць, агульная крызісная сітуацыя заводу – прадукту адміністратыўна-каманднай эканомікі Беларусі – не зменіцца.

«Перспектыва ў заводу была б, канешне, калі б зусім іншыя падыходы былі. Вынік наканаваны тым, што гэты завод быў пабудаваны не ў выніку аналізу рынку, развагаў пра перспектывы і патрэбы, а рэалізацыя капрызу пэўнага чалавека», – заўважае былы супрацоўнік заводу Валадар Цурпанаў.

У крытычным стане, паводле ацэнак эканаміста Пятра Мігурскага, у рэгіёне не толькі вагонабудаўнічы завод, але і Магілёўскі мясакамбінат, холдынг «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкіна крынка», Металургічны завод.

«Традыцыйныя нашыя заводы, яны практычна ўсе могуць прыйсці да аднаго фінішу, як завод «Строммашына» – да банкруцтва», – кажа Пётр Мігурскі.

Развязанне праблемы вагонабудаўнічага заводу хтосьці бачыць у інавацыйных інвестыцыях, хтосьці ў вяртанні яму статусу цэху і перапрафіляванні на выключна ўнутраныя патрэбы. Некаторыя ж адмыслоўцы настойваюць на неабходнасці яго закрыцця.

Таццяна Рэут

Стужка навінаў