У Магілёве працаўніцам сельскіх гаспадарак падарылі трактары


14 прадстаўніц сельская гаспадаркі атрымалі трактары «Беларус» у падарунак.

Удзельніцамі штогадовага мерапрыемства з нагоды Міжнароднага жаночага дня сталі жанчыны-лідэры галіны, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў летась, піша дзяржаўнае навінавае агенцтва БелТА. Сярод іх кіраўнікі гаспадарак, жывёлаводы, аператары машыннага даення і жывёлагадоўчых фермаў, інспектары па кадрах і г.д.

Галоўнай падзеяй святкавання стала ўручэнне сертыфікатаў Магілёўскага аблвыканкаму на трактары «Беларус», якія ўручылі спонсары.

Як увязваюцца трактары і міжнародны жаночы дзень, не зусім зразумела.

Намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, у былым кіраўнік сельскай гаспадаркі, мяркуе, што Менскі трактарны завод папросту знайшоў спосаб, як пазбавіцца затаваранасці складу.

«Тое, што абласныя ўлады вырашылі павіншаваць жанчын, занятых у сельскай гаспадарцы, выклікае толькі пазітыўную рэакцыю. Але што тычацца самога падарунка – трактароў Менскага трактарнага заводу, дык у мяне меркаванне адназначнае: абласныя ўлады вырашылі дапамагчы Менскаму трактарнаму заводу разгрузіць склады», – адзначыў у каментары «Радыё Свабода» Рыгор Кастусёў.

На ягоную думку, дарыць тэхніку, што не мае збыту, гэта здзек з людзей, якія потым будуць працаваць на гэтых трактарах.

НМ, belsat.eu, здымак з архіву БелТА

Стужка навінаў