У Магілёве гендарная ініцыятыва «Ружа» дамагаецца паляпшэння ўмоваў у радзільнях


Тое, што жыццё – змаганне, не сакрэт. А вось у радзільнях Магілёва гэтае змаганне пачынаецца адразу: жанчыны-парадзіхі сутыкаюцца з непрыемнаю рэальнасцю. Такія факты цягам 10-ці месяцаў збіралі актывісткі ініцыятывы «Ружа».

Усё дзеля паляпшэння камфорту тых, хто дае новае жыццё. Але лёгка не будзе. І хіба не толькі ў Магілёве.

Узорная сталічная радзільня мае камфортныя аднамесцавыя пакоі, вялікія радзільныя залы, сучаснае абсталяванне. Неўзабаве пасля адкрыцця адну з такіх радзільняў наведаў кіраўнік краіны.

«Калі вы паабяцаеце, кожная жанчына, што будзеце нараджаць не менш за тры дзіцяці, я перабудую ўсе дамы ў краіне», – заявіў тады Аляксандр Лукашэнка.

Не звышкамфортныя, а проста нармальныя ўмовы для родаў хацелі б мець жыхаркі Магілёва, якія ўжо сёмы год чакаюць рамонту і рэканструкцыі радзільні пры шпіталі хуткай дапамогі. Алене Крэнь чацвёртае дзіця давялося нараджаць менавіта там.

«Мала душавых, мала прыбіральняў, занадта шмат жанчын. У такі складаны перыяд, калі трэба часта за сабою сачыць. Персанал – як пашанцуе. Бывае цярпімы, бывае занадта грубы», – кажа Алена Крэнь.

Непрымальныя ўмовы і ў іншым – Лаўсанаўскім – шпіталі ў Магілёве, дзе ляжала на захаванні і нараджала Вераніка Ульяненкава.

«У звычайнай палаце, дзе нас было 8 чалавек, ложкі былі звычайныя з панцырнай сеткай і правальваліся амаль да падлогі, у палаце адсутнічаў умывальнік. Таксама на захаванне трапіла ў перыяд, калі адключалі гарачую ваду ва ўсім горадзе, і цяжарныя жанчыны, каб памыцца нармальна, вымушаныя былі цягаць бутэлькі з вадою ў некалькі заходаў у душавую», – кажа Вераніка.

У такі важны для жанчыны час, калі яна дае жыццё іншаму чалавеку, важна і тое, хто з ёю побач, ад каго можна чакаць дапамогі. Медычны персанал – гэта адзіная апора для маладых мам.

«Самым абуральным было тое, што мы заўважылі дзіцячую медсястру нападпітку. Калі мы ў педыятра запыталіся ў чым справа, яна без здзіўлення ў голасе сказала: «Яна сёння не падвыпіўшая». То бок усе ў курсе, але нічога з гэтым не робяць», – працягвае Вераніка Ульяненкава.

Жыхары Магілёва ды актывісткі гендарнай ініцыятывы «Ружа» з мэтаю палепшыць побыт кабет у радзільнях пісалі скаргі ў шпіталі і Міністэрства аховы здароўя, але дасягнуць атрымалася не шмат.

«Хаця б дасягнута тое, што жанчыны пераапранаюцца ў прыёмным аддзяленні, а не на ўваходзе ў аддзяленне. Гэта ўжо здзвіг», – адзначае доктарка ды экспертка «Ружы» Наталля Шкадун

Але дзеля паляпшэння варункаў для парадзіх неабходны прынамсі дзясятак такіх зрухаў. Найважнейшыя з іх, як мяркуюць актывісткі «Ружы», –

даць жанчыне права пастанаўляць, якім чынам яна хоча нараджаць, зрабіць бясплатнымі партнёрскія роды, дый увогуле даць магчымасць блізкім людзям быць побач з парадзіхаю, а адразу пасля нараджэння дзіцяці даць яму магчымасць прытуліцца да матулі.

І адное з важных – перастаць паскараць працэс родаў праз ціск на дзіця, што можа выклікаць такія адмоўныя наступствы, як разрыў маціцы, вантробы ці пералом рэбраў.

«Практычна кожнай другой жанчыне пры фізіялагічных натуральных родах ужываецца забаронены метад крыстэлера, аднак ён у Беларусі не з’яўляецца забароненым», – заўважае юрыстка ды каардынатарка «Ружы» Алена Барысава.

Каб выявіць найбольш важныя праблемы, ініцыятыва «Ружа» зладзіла апытанне двухсот жанчын, вынікі якога змясцілі ў бюлетэнь і прэзентавалі падчас адмысловага круглага стала, але ні медыкі, ні прадстаўнікі ўладаў удзелу ў ім не ўзялі.

Глядзіце таксама:

Вольга Старасціна, belsat.eu

Стужка навінаў