У Магілёве адзначылі Сусветны дзень жывёлінаў

video

Валанцёрка, ветэрынар і кінолаг дзеляцца з «Белсатам» сваймі парадамі пра тое, як належыць абыходзіцца з жывёламі.

З апярэджаннем на тыдзень Магілёўскага дабрачынная арганізацыя дапамогі жывёлінам адзначыла Сусветны дзень жывёлінаў. Раздавалі бадзяжных «малых братоў чалавека» ды абмяркоўвалі законапраект «Аб абыходжанні з жывёлінамі».

У Магілёве няма прытулку для жывёлінаў. Калі не ўдаецца знайсці гаспадара, сабак усыпляюць, катоў страляюць. У Таварыства аховы жывёлінаў выкупленыя 10 вальераў, але валанцёры імкнуцца стварыць прытулак.

«Нам патрэбныя валанцёры менавіта ператрымкі, якія б дапамаглі да моманту, пакуль вырашыцца пытанне з лекаваннем жывёлы», – кажа Святлана Ярмоленка з Таварыства абароны жывёлінаў.

Сярод пастулатаў – абавязковая стэрылізацыя хатніх жывёлінаў:

«У Еўропе ёсць закон аб абавязковай стэрылізацыі. Дзякуй Богу ніхто не скажа, што там цалкам каты і сабакі як від зніклі», – заўважае ветэрынар Дзяніс Раманаў.

Дарэчы, на акцыі прысутнічалі і міліцыянты, і не ў звыклай ролі, а як кінолагі, з парадамі для дагляду вялікіх сабак.

«Патрэбныя вальеры, пажадана прыватны сектар з дваравой тэрыторыяй, дома сабакаў лепш не ўтрымліваць», – заўважае міліцыянт-кінолаг.

У законапраект «Аб абыходжанні з жывёлінамі», які не прайшоў у 2011 годзе, магілёўцы прапаноўваюць дадаць абавязковае чыпаванне і дазвол для валанцёраў перахоўваць больш чым дазволеныя цяпер дзве жывёліны, да часу паўстання прытулкаў. А валанцёры дагэтуль шукаюць дамы для падапечных.

«Маленькая костачка ад сцягна да калена зламаная ў шасці месцах. Аперацыя, спіца, два месяцы хатняга рэжыму без скокаў і рэзкіх рухаў. 12 лістапада ўжо знялі спіцу. Кот шыкоўны», – валанцёрка Вольга Міладоўская распавядае, як выратавала ката.

Усё больш жывёлінаў ратуюць людзі. Гэтак, у Менску – з адлоўленых летась дзвюх з паловай тысячаў сабак забітыя з іх 107.

Вольга Гардзейчык

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары