У Літве затрымалі цягнік «Беларуськалію» з кантрабандай беларускіх цыгарэтаў на 124 тысячы еўраў


Амаль 50 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт «Fest» знайшлі ў адным з 63 вагонаў з угнаеннямі.

Кантрабандысты схавалі тытунёвыя вырабы  ў скрынкі і абматалі ў поліэтыленавую плёнку. Пра знаходку паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. Агульны кошт кантрабанды – 124 тысячы еўра.

Цягнік «Беларуськалія» ішоў у порт Клайпеды для разгрузкі ўгнаенняў, якія мелі паставіць у Венесуэлу. Літоўскія праваахоўнікі лічаць, што кантрабанда прызначалася для літоўскага рынку, а выгрузіць цыгарэты збіраліся на шляху ў Клайпеду.

Распачатае следства па факце незаконнага перамяшчэння праз мяжу падакцызных тавараў. Цяпер цыгарэты захоўваюць у памежнай службе Літвы.

ДР belsat.eu паводле pasienis.lt

Глядзі таксама
Каментары