У Літве затрымалі страйкбалістаў «у саколках расейскіх дэсантнікаў», падчас вобшукаў знайшлі зброю


У літоўскім горадзе Няменчыне байцы антытэрарыстычнага атраду «Арас» затрымалі тузін узброеных мужчынаў у камбінезонах расейскага ўзору.

Галоўны камісарыят паліцыі Віленскай акругі паведамляе, што каля гораду Нямянчыну была затрыманая група з 12 мужчынаў.

Раніцай 21 траўня праваахоўнікі атрымалі паведамленне, што ў лесе, побач з Нменчынам, была заўважаная група ўзброеных мужчынаў. Туды выехала паліцыі і байцы антытэрарыстычнага атраду «Арас».

Паводле прэс-сакратара Дэпартаменту паліцыі Рамунаса Матоніса, у названым месцы затрымалі 12 мужчынаў з аўтаматычнай зброяй, на частцы з якіх былі камуфляжныя камбінезоны і саколкі расейскіх дэсантнікаў.

Пазней высветлілася, што гэта была страйкбольная зброя, якая вонкава нічым не адрознівалася ад сапраўднай. У кожнага з мужчынаў было па некалькі экзэмпляраў, некаторыя з аптычным прыцэлам, у некаторых былі самаробныя выбуховыя прыстасаванні.

У дамах некаторых з затрыманых зладзілі вобшукі, падчас якіх знайшлі нелегальную зброю, патроны і, магчыма, самаробныя выбуховыя прыстасаванні.

Галоўны камісарыят паліцыі Віленскай акругі пачаў расследаванне па факце незаконнага захоўвання агнястрэльнай зброі, выбуховых прыстасаванняў ды патронаў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Ru.delfi.lt

Стужка навінаў