У Літве сабралі подпісы супраць расейскага сцяга, які лунаў у цэнтры аднаго з гарадоў


Жыхары Марыямполе падпісалі петыцыю з просьбаю зняць расейскую сімволіку з цэнтральнай плошчы гораду, якая лунае там амаль 6 гадоў.

Сцяг павесілі ў 2010 годзе, калі ў горадзе адчынілі ганаровае консульства РФ. Гараджанаў абурыла тое, што сцяг красуецца каля помніка літоўскаму народу і мове.

Некалькі гадоў таму людзі ўжо патрабавалі зняць расейскі сцяг з плошчы, аднак на той момант адносіны паміж Літвой і Расеяй не былі такімі халоднымі, таму на гэтую просьбу не адрэагавалі.

«Быў такі выпадак, калі праходзіў парад вайсковай тэхнікі, прымала ўдзел і прэзідэнт, і міністр абароны. Побач стаяць амерыканскія танкі, і незразумела, чаму тут вісіць расейскі сцяг», – адзначыў адзін з мясцовых жыхароў.

Жыхары сабралі трыста подпісаў, пасля чаго пытаннем зацікавіліся журналісты тэлеперадачы «Панарама». Вынікам умяшання літоўскага тэлебачання ў справу стала замена расейскага сцяга на сцяг Еўразвязу.

ДР, belsat.eu паводле delfi.lt

Глядзі таксама
Каментары