У Літве – прафілактыка супраць «ветлівых людзей»


Літоўскія ўзброеныя сілы перадухіляюць паўтор украінскага сцэнара ў сваёй краіне.

Пра гэта журналістам паведамілі міністр абароны краіны Юозас Олякас і галоўнакамандуючы войскам Ёнас Жукас. Яны прадставілі новыя сродкі аператыўнай рэакцыі на пагрозу новага тыпу – неканвенцыйную вайну.

«Геапалітычная сітуацыя абавязвае нас валодаць усімі неабходнымі сродкамі – як прававымі, гэтак і вайсковымі – каб мы маглі забяспечыць своечасовае і адпаведнае рэагаванне на выклікі і пагрозы дзяржаўнай бяспецы. Працэдуры актывацыі войска, правы і абавязкі вайскоўцаў, якія дзейнічаюць сёння, не гарантуюць своечасовага адказу ў патрэбным аб’ёме», – заявіў міністр Олякас.

У панядзелак міністр зарэгістраваў у Сейме Літвы законапраект аб выкарыстанні ўзброеных сілаў з адпаведнымі папраўкамі. Папраўкі датычаць забаронаў ды абмежаванняў у выкарыстанні вайсковай сілы. Ва ўмовах міру яна можа быць ужытая толькі дзеля вырашэння вайсковай задачы і з абавязковым інфармаваннем насельніцтва.

Кіраўнік жа ўзброеных сілаў Літвы Ёнас Жукас зазначыў, што апошнім часам узніклі пагрозы новага тыпу: «Гэта падбухторванне нацыянальных меншасцяў, правакацыі, напады недзяржаўных узброеных арганізацыяў і груповак, незаконнае мінанне мяжы, парушэнне працэдураў вайсковага транзіту, хваляванні ў суседніх краінах». Галоўнакамандуючы падкрэсліў, што небяспекі могуць узнікнуць імгненна, без ранейшых прыкметаў, таму літоўскае войска мусіць падрыхтавацца да хуткага рэагавання.

Сілы хуткага рэагавання скіраваныя заблакаваць шлях для дзейнасці варожых сілаў на тэрыторыі Літвы ва ўмовах міру.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары