У Літве непакояцца, што «Yandex. Taxi» зможа пагражаць бяспецы краіны


Літва стала трэцяй балтыйскай краінай, куды прыйшла расейская кампанія «Yandex. Taxi». Фота – Віктар Гарбачоў

Ад сённяшняга дня ў Вільні можна замовіць паслугу расейскай кампаніі «Yandex. Taxi». Мясцовыя медыі лічуць, што кампанія можа займацца ў Літве зборам звестак аб сваіх кліентах.

Мясцовы партал Delfi звяртае ўвагу, што пасля загрузкі прыкладання ў кліента ёсць толькі адна магчымасць – прыняць умовы: даць дазвол на доступ да камеры, мікрафону, кантактаў і іншай інфармацыі ў сваім тэлефоне.

«Калі вы далі згоду, вы даверылі гэтыя звесткі «Yandex.Taxi». Але яшчэ большая небяспека ўзнікае, калі гэткая інфармацыя апынецца ў расейскіх спецслужбаў», – піша выданне.

«Да прыкладу, дзяржаўны служачы, які яшчэ толькі робіць кар’еру, пасля вечарыны замаўляе такую ​​паслугу. Па спадарожнікам усталёўваюць маршрут, дакладны адрас, усе з’яўляецца ў сістэме. Кліент задаволены – за паездку заплаціў менш, скарыстаецца паслугай яшчэ раз, так фармуецца звычка. А для замежных спецслужбаў такая інфармацыя – сапраўдны скарб ці інвестыцыя ў будучыню, паколькі сабраныя асабістыя звесткі могуць апынуцца ў руках ФСБ. Гэтак кліент можа стаць ахвярай шантажу, пагроз, маніпуляцыяў», – піша партал.

Чалец парламенцкага камітэту па нацыянальнай бяспецы Лаўрынас Кашчунас лічыць, што прыход «Yandex. Taxi» у Літву трэба было ацэньваць скрозь прызму нацыянальнай бяспекі, але гэтага не зрабілі. Дэпутат збіраецца звярнуцца ў адказныя ведамствы з просьбай патлумачыць, чаму кампанія атрымала дазвол на дзейнасць.

«Транспартны сектар з’яўляецца важнай для нацбяспекі галіной эканомікі. Прыход на літоўскі рынак кампаніяў, якія маюць відавочныя сувязі з крамлёўскімі алігархічнымі групамі ці расейскімі спецслужбамі павінны ацэньваць жорстка», – сказаў Кашчынас.

Ува ўрадзе Літвы лічаць паслугі таксі «не трапляюць у сферы ацэнкі нацбяспекі».

«Але з улікам усіх абставінаў мы ўважліва сочым за сітуацыяй», – дадаў дарадца літоўскага прэм’ера па пытаннях нацбяспекі і ўнутранай палітыкі Арнольдас Пікжырніс.

За прыходам «Yandex.Taxi» назірае Дэпартамент дзяржбяспекі.

«У межах сваёй кампетэнтнасці ДДБ назірае за ўсімі магчымымі пагрозамі нацбяспекі і пастаянна інфармуе кіраўнікоў дзяржавы і адпаведныя ведамствы», – сказала прадстаўнічка ведамства Аўрэлія Каткувенэ.

Паводле «Яндэкса», размовы аб перадачы персанальных звестак ФСБ ці іншаму ведамству, «неабгрунтаваныя».

ДД

Стужка навінаў