У Літве будуюць другую Вільню. Каб вучыцца ваяваць


Літва будуе каля беларускай мяжы буйны палігон для імітацыі гарадскіх баёў. Ужо стаяць сцены і нават будзе каналізацыя, але ніхто не будзе тут жыць.

Менш чым у 10 км ад беларускай паўночна-заходняй мяжы, каля гарадка Пабрадзе, знаходзіцца палігон, які выкарыстоўваўся яшчэ царскай і савецкай арміямі. Сёлета тут паўстане горад без жыхароў, у якім жаўнеры будуць рыхтавацца штурмаваць ды абараняць будынкі і цэлыя кварталы. Імя «гораду», у якім літоўскія ды іншыя жаўнеры НАТО будуць вучыцца ваяваць – «Вільня».

З 2014 года Літва рэзка павялічвае выдаткі на абарону і супрацу з НАТО. Гэта выклікана небяспекаю з боку Расеі, якая сталася відавочнаю пасля агрэсіі супраць Украіны. З таго часу Вільня павялічвае выдаткі на абарону прыкладна на траціну штогод. У 2017 годзе яны складуць 725 млн еўра – прыкладна 1,8% ВУП краіны, гэта прыкладна столькі ж, колькі ў 2011, 2012 і 2013 гадах разам.

13051496_10156773660750247_8262382337035901068_n

Гарадскі палігон каля Пабрадзе будзе каштаваць прыкладна 5 млн еўраў – 26 двухпавярховых будынкаў, вялікая цэнтральная плошча, паліцэйскі пастарунак, гандлёвы цэнтр, школа, касцёл.

Будуецца і каналізацыя – каб жаўнеры вучыліся весці бой пад зямлёю.

13062545_10156773661130247_6818584210106988755_n

Адначасова тут змогуць трэніравацца больш за тысячу байцоў з танкамі і іншай бранятэхнікай. Першыя выпрабаванні запланаваныя на ліпень.

12987160_10156773661325247_3757178024482429334_n

Краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя і іншыя дзяржавы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы заўважна падвысілі ўвагу да сваёй абароны ў сувязі з тым, што Масква прадэманстравала гатовасць ісці супраць сваіх міжнародных абавязкаў і патрабаванняў права.

У 2015 годзе Літва вярнула прызыў у войска – пакуль што на 5 год, у адказ на «змену геапалітычнай сітуацыі», як сказаў прэмʼер-міністр краіны Альгірдас Буткявічус.

Відэапрэзентацыя комплексу для гарадскіх баёў у Пабрадзе.

Цяпер краіна абнаўляе парк бранятэхнікі – купляе найноўшыя нямецкія бронетранспарцёры GTK Boxer у варыянце з ненаселенай вежай з 30-мм аўтаматычнай пушкай Rheinmetall MK 30-2/ABM, як на новай нямецкай БМП Puma, а таксама ўзмоцненай бранёй.

Тэхніка, якая вызваляецца, пойдзе да 2-й мотапяхотнай брыгады летувіскай арміі, якую пачалі фарміраваць з вясны мінулага году.

Краіны Балтыі таксама прымаюць у сябе амерыканскія войскі, бо без дапамогі хаўруснікаў па НАТА не змогуць сябе абараніць у ўмовах падаўляючай агнявой і колькаснай перавагі Масквы.

Аднак аналіз, які быў падрыхтаваны амерыканскім аналітычным цэнтрам RAND Corporation, сведчыць, што цяпер Літва, Латвія і Эстонія ўсё роўна не змогуць доўга супраціўляцца ў выпадку маштабнай расейскай агрэсіі. Масіраваная дапамога заходніх хаўруснікаў проста не паспее прыбыць за тыя некалькі дзён, якія спатрэбяцца Маскве для поўнай акупацыі. Таму ўсходнія чальцы НАТА робяць усё, каб павялічыць сваю абароназдольнасць.

13010632_10156773660960247_5484951296341792465_n

У Літве праграма абнаўлення і пашырэння інфраструктуры вайсковых палігонаў распланаваная да 2022 году. Палігон у Пабрадзе ў 2017 годзе павялічыцца ў 2 разы – да 17,6 тысячы га.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Фота Міністэрства абароны Літвы

Стужка навінаў