У Лідзе за татуіроўку забілі расейца


Забойца патрабаваў ад ахвяры «адказаць за масць» – давесці права на татуіроўку.

Гарадзенская міліцыя паведамляе пра акалічнасці злачынства. Ахвяраю стаў грамадзянін Расеі, які пераехаў жыць у Ліду ды паспеў уладкавацца на мясцовае прадпрыемства. На выходныя ён запрасіў у госці знаёмых, разам яны бавілі час ужываючы алкаголь.

«Пад уздзеяннем алкаголю ў аднаго з гасцей закіпела кроў і ён пачаў чапляцца да іншых», – паведамляе прэс-служба УУС Гарадзеншчыны. Гэты мужчына раней быў судзімы і адбываў пакаранне за кратамі. У мужчыны ж з Расеі была татуіроўка, і зачыншчык патрабаваў патлумачыць яе значэнне. Завязалася бойка, але мужчынаў разнялі.

Пасля таго, як застолле скончылася, кампанія разышлася, але меркаваны забойца вярнуўся ў кватэру да грамадзяніна Расеі, схапіў на кухні нож і ўдарыў расейца ў сэрца і ўцёк. Праз некаторы час ахвяру знайшла гаспадыня кватэры, яна выклікала «хуткую», але медыкі не паспелі уратаваць жыццё.

Міліцыянты па гарачых слядах выйшлі на падазраванага, які пасля таго што здарылася адпачываў у парку. Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў