У Лідзе актывіста будуць судзіць за інтэрв'ю на сайце «Хартыя-97»


Услед за адміністратыўнай справай Уладзіміра Някляева, якога звінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП на падставе інтэрв’ю «Белсату», грамадскаму актывісту з Ліды Валеру Мінецу даслалі поштай пратакол адміністратыўнага правапарушэння з Лідскага РАУС.

У пратаколе, складзеным 19 кастрычніка, паведамляецца, што Мінец 5 верасня здзейсніў правапарушэнне, а менавіта – «падчас інтэрвʼю інфармацыйнаму рэсурсу «Хартыя-97», адносна маючых адбыцца вучэнняў «Захад-2017» у славеснай форме заклікаў да ўдзелу ў «Акцыі папярэджання» 8-га верасня на тэрыторыі Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Ад яўкі ў РАУС і ад тлумачэнняў адмовіўся».

Валер Мінец пры гэтым звяртае ўвагу на той факт, што інтэрвʼю напачатку з’явілася на сайце Беларускага нацыянальнага кангрэсу, а на Хартыі толькі на другі дзень.

Нагадаем, 1 лістапада суд Ленінскага раёна Менску пакараў паэта і палітыка Уладзіміра Някляева 10 соднямі адміністратыўнага арышту па ч. 3 арт. 23.34 КоАП нібыта за заклік да ўдзелу ў акцыі пратэсту. Падставай для складання пратаколу стала інтэрвʼю «Белсату».

Праваабаронцы адзначаюць, што Някляеў стаў першай ахвярай «жэстачайшай лібералізацыі», якую абяцаў Ігар Шуневіч. Як адзначае праваабаронца Валянцін Стэфановіч, цяпер «расшарванне» ў сацыяльных сетках кім-небудзь (не арганізатарам і не ўдзельнікам мерапрыемства) пастоў з заклікамі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве будзе ўтвараць склад правапарушэння паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП. Таксама інтэрв’ю з такімі заклікамі, якое гэтыя іншыя асобы даюць сродкам масавай інфармацыі, будзе пагражаць ім адміністратыўным арыштам да 15 сутак.

ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў