У Латвіі ўтрая павялічаць колькасць спецназаўцаў – для барацьбы з «зялёнымі чалавечкамі»


Кіраўнік Падраздзялення спецыяльнага прызначэння («SUV») Нацыянальных узброеных сілаў Латвіі Юрыс Ушацкіс распавёў пра «гібрыдную пагрозу».

У інтэрвʼю LETA Юрыс Ушацкіс заявіў, прыярытэты падраздзялення ў цэлым не змяніліся, і жаўнеры навучаюцца правядзенню рознага роду аперацыяў, у тым ліку аперацыяў, якія раней ніхто не праводзіў. Таму ад жаўнераў патрабуецца «творчы падыход і нестандартнае мысленне».

Змянілася тое, што «SUV» стала адным з галоўных прыярытэтаў латвійскага войска, яго колькасць у бліжэйшыя гады плануецца павялічыць утрая, сказаў Ушацкіс, не раскрыўшы пры гэтым лічбу жаўнераў.

«Мы аналізуем, вывучаем досвед правядзення асаблівых аперацыяў спецназамі іншых краінаў. Мы гатовыя супрацьстаяць «зялёным чалавечкам». Пагрозаў для Латвіі існуе шмат, і яны розныя – і неканвенцыйныя, і гібрыднага тыпу, і асемітрычныя. Да ўсіх гэтых пагрозаў «SUV» адпаведна рыхтуецца і ў стане ім супрацьстаяць», – заявіў Ушацкіс.

НМ, belsat.eu, паводле Ru.delfi.lt

Стужка навінаў