У Кёльне паліцыю абкідалі бутэлькамі і петардамі, сілавікі выкарысталі вадамёты

photo

Закалоты ў Кёльне. Фота

У цэнтры Кёльну адбылася акцыя супраць гвалту ў адносінах да жанчын. Акрамя таго, рыхтавалася дэманстрацыя правага руху «Пэгіда» (Pegida) якую спыніла паліцыя. Супраць правых выйшлі прадстаўнікі левых арганізацыяў.

Каля тысячы жанчын у суботу, 9 студзеня, правялі ў Кёльне акцыю пратэсту супраць гвалту і сексуальных дамаганняў. Удзельніцы акцыі трымалі ў руках транспаранты з надпісамі: «Не – значыць не. Гэта наш закон. Адчапіцеся ад нас!» і «Не – гвалту над жанчынамі, усё роўна дзе: у Кёльне, на Актобэрфэсце або ў хатняй спальні». Заклік да ўдзелу ў акцыі распаўсюджваўся праз сацыяльныя сеткі пасля шматлікіх нападаў на жанчын у Кёльне ў навагоднюю ноч.

На другую палову дня ў Кёльне была запланаваная акцыя пратэсту прыхільнікаў антыісламскага руху «Пэгіда», якая павінна была прайсці пад лозунгам «супраць засілля замежнікаў і мусульманаў». Прыблізна 1,3 тыс. супраціўнікаў руху «Пэгіда» сабраліся на акцыю ў адказ, зарганізаваную абʼяднаннем «Кёльн супраць правых» ды левымі антыфашысцкімі групоўкамі. Людзі, якія збіраліся даць адпор удзельнікам руху «Пэгіда», выйшлі на вуліцу з плакатамі: «Нацысты – прэч!», «Забараніць нацысцкую прапаганду», «Мы вам пакажам».

Фота Reuters
Фота Reuters

Акцыю «Пэгіды» спыніла паліцыя

Акцыю правых, якая сабрала прыблізна 1,7 тыс. удзельнікаў, паліцыя спыніла практычна адразу пасля пачатку шэсця. Паводле відавочцаў, прыхільнікі «Пэгіды» ды іншых правых рухаў кідалі ў паліцыянтаў бутэлькі і петарды. Паліцыя ў адказ выкарыстала вадамёты і пярцовы газ. У выніку пацярпелі адзін паліцыянт і адзін журналіст, паведамілі агенцтву «Epd» у праваахоўных органах.

Паліцыя ад самага пачатку баялася сутыкненняў паміж правымі ды іхнымі супраціўнікамі. Дзеля падтрымання грамадскага парадку і бяспекі аддзяленне паліцыі Паўночнага Рэйну-Вэстфаліі накіравала ў Кёльн прыблізна 1,7 тыс. працаўнікоў. Да ліквідацыі закалотаў, калі такія ўзнікнуць, гатовая далучыцца конная паліцыя. Праваахоўнікі трымаюць напагатове вадзяныя гарматы і спецтэхніку.

МЯ, паводле dw.com

Глядзі таксама
Каментары