«Эпіцэнтр нацыянальнай ідэі». Мітынг у Курапатах. Онлайн

video

У Курапатах адбыўся агульнагарадскі мітынг. На ўскрайку ўрочышча сабралася каля 200 асобаў. Перад выступамі быў выкананы неафіцыйны гімн Беларусі «Магутны Божа».

«Гэтыя хлопцы бароняць Беларусь ад расейскага свету», – кажа вядомая актывістка Ніна Багінская.

«Хутка прыйдзе час, калі мы пабудуем нашую Беларусь. Пабудуем яе на нацыянальных і хрысціянскіх каштоўнасцях», – сказаў падчас свайго выступу прадстаўнік КХП-БНФ Алесь Чахольскі.

«На жаль, тут не тысячы беларусаў… Не трэба дзяліць людзей на чужых і сваіх. Трэба несці людзям асвету. Беларусь мае ведаць сваіх герояў», – адзначыў Юрый Губарэвіч з Руху «За свабоду».

«Курапаты – эпіцэнтр нацыянальнай ідэі… Курапатскі крыж – гэта ўваскрэсенне», – заявіў Павел Севярынец.

«Дзякуй «Маладому фронту»! Гэтыя хлопцы – сапраўдныя мужчыны. Гэта няпраўда, што там пішуць пра іх, што яны экстрэмісты», – падзякавала мясцовая жыхарка абаронцам Курапатаў.

Кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч прыгадаў, што трэба сачыць за чыноўнікамі, якія праз карупцыйных схемы спрабавалі «прадаць кавалак святой зямлі». «Плот яшчэ стаіць», – сказаў палітык.

«Я спадзяюся, ўладам хопіць мазгоў, каб зразумець, што тут нічога будаваць не трэба», – адзначыў падчас выступу блогер і абаронца Курапатаў Эдуард Пальчыс.

«Мы першы вечар тут», – сказаў прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

«Добра, што збор подпісаў і гэты лагер змянілі пазіцыю забудоўніка», – сказала лідарка «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч. Палітык сказала, што не плануе сёння начаваць у лагеры.

Актывісты просяць прывесці ім дровы, бо надвор’е даволі халоднае.

У лагер абаронцаў Курапатаў прывезлі піяніна. Пасля мітынгу адбудуцца выступы гурта «NAKA» і барда Андрэя Мельнікава.

Палітык і абаронца Курапатаў Зміцер Дашкевіч паведаміў, што ў панядзелак варта будзе знятая, але актывісты будуць працягваць сачыць за будаўніцтвам побач з урочышчам.

2 сакавіка падчас сустрэчы прадстаўнікоў кампаніі са Змітром Дашкевічам забудоўнікі адмовіліся ад участка ў Курапатах і заявілі, што не будуць будаваць бізнес-цэнтр. Менгарвыканкам не адмовіўся ад ідэі забудаваць пляцоўку на ўскрайку ўрочышча.

ЮВ, ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары