У Крыме развешваюць партрэты Сталіна


Рыхтаванні да святкавання гадавіны перамогі ў ІІ Сусветнай вайне выклікалі неадназначную рэакцыю ў жыхароў Крыму. Сталін у свой час выселіў з паўвыспы больш за 200 тысячаў асобаў, у тым ліку крымскіх татараў, немцаў, армянаў, балгараў і грэкаў.

«Сталін у свой час быў выбітнаю асобаю, але мінула шмат часу і ветэранаў засталося досыць мала. Я мяркую, што можна было б зрабіць іх фотаздымкі, так было б лепш», – гэтак асцярожна каментуе адзін з мясцовых жыхароў масавае развешванне на вуліцах партрэтаў Сталіна, што мае быць віншаваннем з Перамогаю.

«Хтосьці бачыць у ім тырана, які развязваў тут чысткі, а хтосьці бачыць у ім чалавека, дзякуючы якому перамаглі ў вайне. Бо падымаліся ў атаку з воклічам «За Радзіму, за Сталіна» і таму гэта з’ява мае права існаваць у гісторыі», – кажа Уладзімір Цюнін, чыноўнік з упраўлення адукацыі ў Севастопалі.

Дэпартацыю карэннага насельніцтва здзейснілі войска і НКВД на загад Сталіна. Падчас дэпартацыі сем’ям давалі ад некалькі хвілінаў да паўгадзіны на тое, каб сабраць рэчы, саджалі ў таварныя цягнікі і адпраўлялі ў Казахстан, Таджыкістан і на Урал. У дарозе штодня гінулі людзі – ад хваробаў, недахопу вады і ежы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў