У Крыме не засталося ніводнай школы з украінскаю моваю навучання


На Крымскай паўвыспе засталіся толькі паасобныя класы, дзе выкладанне адбываецца па-ўкраінску.

Расейскія ўлады Крыму паведамляюць аб пераводзе школ з украінскай моваю навучання на расейскую. Пра гэта пішуць «РИА Новости» са спасылкай на так званага міністра адукацыі Крыму Наталлю Ганчарову.

«Бацькоўскі попыт, таму што толькі бацькі могуць вызначыць мову навучання для свайго дзіцяці, на ўкраінскую мову рэзка скарачаецца. Ідзе тэндэнцыя на скарачэнне, і тут гэта права бацькоў«, – сказала Ганчарова.

Паводле яе, у Крыме не засталося школ, дзе выкладанне цалкам вялося па-ўкраінску, але дзеяць 20 школаў з украінскамоўнымі класамі.

Усяго ў Крыме, па дадзеных «Інтэрфакс-Украіна», працавала каля 600 школаў, толькі ў 7 з іх навучанне праходзіла на ўкраінскай мове, у 14 – на крымскататарскай.

18 сакавіка 2014 года кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў дакумент аб уваходжанні Рэспублікі Крым у склад РФ. Тады ж Пуцін абвясціў пра тое, што ў Крыме мусяць быць тры раўназначныя дзяржаўныя мовы: расейская, украінская і крымскататарская.

МЯ, belsat.eu, паводле lb.ua, ria.ru

Стужка навінаў