У «Крумкачоў» ёсць шанец застацца ў вышэйшай лізе


Клубу далі дадатковы час на пагашэнне даўгоў. Справа вырашалася 7 сакавіка на пасяджэнні камітэту па статусе і пераходах футбалістаў Асацыяцыі Беларускай федэрацыі футболу ў Доме футболу.

Хадайніцтва «Крумкачоў» аб выдзяленні дадатковага часу на правядзенне перамоваў з футбалістамі і прадстаўнікамі трэнерскага штабу задаволілі. Наступнае пасяджэнне пройдзе 10 сакавіка.

Раней апеляцыйны камітэт БФФ адхіліў апеляцыю клубу, які пратэставаў супраць рашэння камітэту па клубным ліцэнзаванні не разглядаць заяву «Крумкачоў» на выдачу ліцэнзіі для ўдзелу ў вышэйшай лізе.

Камітэт матываваў такое рашэнне «сістэматычнымі парушэннямі патрабаванняў рэгламенту АБФФ па ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў, якія выявіліся ў неаднаразовым невыкананні тэрмінаў прадстаўлення дакументаў і прывялі да зрыву працэсу ліцэнзавання».

Без праходжання ліцэнзавання менскі клуб зможа заявіцца толькі ў другую лігу. Месца ў вышэйшай лізе можа заняць менскае «Тарпеда».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў