У Крэве закансервуюць вежу, адкуль збег Вітаўт і дзе задушылі Кейстута


У Крэўскім замку пачаліся работы першай чаргі па кансервацыі і рэканструкцыі Княскай вежы. У бліжэйшы час яе ўмацуюць, але масштабных планаў па аднаўленню Крэўскага замку можна не чакаць.

Княскую вежу і прылеглыя 10 метраў сценаў з абодвух бакоў расчысцяць ад спарахнелай муроўкі, потым яе павінны ўмацаваць. Усе працы робяцца за бюджэтныя сродкі дзяржаўнымі арганізацыямі. Замоўцам кансервацыі выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Смаргонскага райвыканкаму, выканаўцам – ТАА «Белрэстаўрацыя».

Зараз каля вежы стаяць будаўнічыя рыштаванні, пасля заканчэння работаў там застанецца зачышчаны аб’ект для турыстаў.

«Там не павінна быць праблемаў, калі ў рабочых нармальныя рукі, – распавядае belsat.eu Ігар Мяфодзіевіч Чарняўскі, былы начальнік упраўлення па ахове спадчыны Міністэрства культуры Беларусі. Прынялі такі варыянт – закансерваваць вежу. Агулам, гэта робіцца па прыкладу Медніцкага замку ў Літве. У Крэўскі замак прыязджаюць турысты, і гэтая плынь можа актывізавацца, калі замак будзе закансерваваны і хаця б трошкі прыстасаваны да больш камфортнага наведвання. Магчыма, там з’явіцца нейкая невялічкая экспазіцыя. У Медніках паставілі асобны дамок. Можа, і ў нас штосьці падобнае будзе, або прыстасуюць нешта з суседніх будынкаў».

У перспектыве вежу можна аднавіць. Ёсць фотаздымкі, як яна выглядала яшчэ да першай сусветнай вайны. Але гэта патрабуе вельмі шмат грошай.

Разваліны Крэўскага замку. Як ён выглядаў у рэчаіснасці падчас свайго росквіту, дакладна невядома
Пашпарт будаўнічага аб’екту.
Будаўнікі павінны пачысціць спарахнелую цэглу і ўмацаваць Княскую вежу і сцены каля яе.
Тое, што мы бачым цяпер у Крэве, – гэта ўнутраная забудова замку. Вонкавы камень абсыпаўся цягам стагоддзяў.

Ці рэальна аднавіць Крэўскі замак часоў Крэўскай уніі?

Крэўскі замак цалкам аднавіць немагчыма. Рэканструкцыя або забудова яго не можа адпавядаць рэчаіснасці і не будзе мець гістарычнай каштоўнасці. Бо не існуе або невядомыя на гэты час дакументы, якія пацвярджалі б яго аўтэнтычны выгляд. Найлепшы варыянт – закансерваваць рэшту так, як яна выглядае на сёння.

«Любая рэканструкцыя гэтага замку будзе фантазіяй. Напрыклад, тое, што адбываецца ў Любчанскім замку цяпер, – гэта фантазія, што ўвогуле непрымальна з пункту гледжання аховы спадчыны. Можна аднаўляць толькі тое, што пацвярджаецца дакументамі. А пра Крэўскі замак мы ведаем яшчэ менш, чым пра Любчанскі. Тут можна правесці кансервацыю, можна выканаць рэканструкцыю Княскай вежы. Дапушчальным лічыцца таксама прыкладна па метраў 15 з аднаго і з другога боку зрабіць рэканструкцыю муроў і паказаць, як яно магло быць. Але не больш», – кажа Ігар Чарняўскі.

Сёння існуе шмат выяваў Крэўскага замку ў малюнках або макетах. Але іх нельга прымаць за ілюстрацыю дакладнага выгляду замку. Кожны даследчык прапануе свой варыянт, і такія графічныя рэканструкцыі могуць быць выстаўленыя ў экспазіцыі музею, экскурсавод можа паразважаць і распавесці тое, што дакладна вядома. Але рэалізаваць іх у натуры, не маючы дакладных звестак, – нельга.

«Ёсць Мірскі замак з элементамі рэканструкцыі. Яны пацвярджаюцца дакументамі. Ёсць Нясвіжскі замак, які ўсе крытыкуюць за тое, што зрабілі там гламур. Але гэтыя ўсе элементы апісаныя вельмі дакладна, ёсць інвентары, што дакладна там было. А калі мы набудуем нешта з галавы, потым нашчадкі будуць думаць, што так і было ў 14-м стагоддзі. Гэта недапушчальна», – кажа Ігар Чарняўскі.

Фотаздымак са стужкі Facebook гісторыка Алега Дзярновіча. Польская кансервацыя Крэўскага замку 1929-1930 гадоў.

Крэва і наваколле – цукерка для турыстаў. Магло б так быць

Крэўскі замак – адзін са найстаражытных мураваных замкаў у ВКЛ, тым больш ён унікальны на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ёсць ускосныя сведчанні, што замак забудоўваўся не ў 14-м стагоддзі, як прынята лічыць, а яшчэ ў 13-м. Ігар Чарняўскі шмат працаваў на раскопках у Крэве і распавядае, што падмурак замку – вельмі архаічны, а праца будаўнікоў замку была проста пякельнай. Каб паставіць мур на балоцістай глебе сярэднявечным працаўнікам трэба было капаць балота на 5-6 метраў у глыбіню, каб дасягнуць цвёрдага падбалотнага грунту.

Акрамя гэтага, архітэктура Крэўскага замку сведчыць пра тое, што Княская вежа – першая сярод вядомых у ВКЛ вежа-данжон (жылая вежа з абарончымі функцыямі).

У 20-ці кіламетрах ад Крэва знаходзіцца Гальшанскі замак, рэзідэнцыя Сапегаў у 16-17 стагоддзі, вёска Баруны з базыльянскім манастыром, вядомая раней на ўсё ВКЛ. Наўпрост праз Крэва праходзіла лінія фронту першай сусветнай вайны.

«Тут на адным месцы можна было б распрацаваць вельмі цікавы турыстычны асяродак. Гэтыя два раёны – Смаргонскі і Аршанскі маглі б неяк больш актыўна раскруціцца, але на жаль ці менеджараў такіх пакуль няма, ці яшчэ якая прычына, – кажа Ігар Чарняўскі. – Крэўскае наваколле цікавае яшчэ і сваймі краявідамі. Яны маюць свой сэнс, гісторыя Крэва больш глыбокая і шырокая, чым Крэўскі замак. Любы элемент тут мае вельмі вялікае значэнне. Можна ўявіць, у якіх умовах паўстаў замак, як тут жыццё ішло, як абарона арганізоўвалася. Усе можна вельмі цікава падаць, прыцягнуць увагу людзей».

Цяпер Крэўскі замак знаходзіцца ў заняпадзе, знішчаны войнамі і адсутнасцю дагляду. Пасля Першай сусветнай вайны ў 1929 польскія ўлады правялі некаторыя работы па ўмацаванні, і з той пары да нашых дзён ён дажыў у тым выглядзе, у якім ёсць.

«Стан вельмі дрэнны. Фактычна, тое, што мы бачым, гэтыя муры сценаў, – гэта ўжо не самыя сцены, а гэта ўнутраная забудова. На адсоткаў 80, можа 70, вонкавы камень абсыпаўся, і мы сёння маем справу наўпрост з тым, што было ўнутры. І ўявіце сабе, столькі гадоў ён стаяў, ніхто яго не прыводзіў у парадак», – кажа Ігар Чарняўскі.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў