У «крамлёўскі даклад» трапілі 210 чалавек з атачэння Пуціна


Дакумент прадставіла Міністэрства фінансаў ЗША ў Кангрэсе. У ім пералічаныя імёны набліжаных да Пуціна 114 расейскіх чыноўнікаў і 96 бізнесоўцаў. Самога Пуціна ў спісе няма.

У дакладзе апынулася практычна ўсё палітычнае кіраўніцтва Расеі. Гэта прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў, яго першы намеснік Ігар Шувалаў ды іншыя намеснікі, усе расейскія міністры. У тым ліку кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў і міністр абароны Сяргей Шайгу.

Згаданыя ў дакуменце і кіраўнікі вядучых дзяржкампаніяў – кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер, кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын, кіраўнік «Сбербанку» Герман Грэф ды іншыя.

У спісе таксама і расейскі распрацоўнік сістэм інфармацыйнай бяспекі Яўген Касперскі, якога на Захадзе падазраюць у супрацы з расейскімі спецслужбамі.

Уключэнне ў гэты спіс не азначае аўтаматычнага ўвядзення санкцый супраць яго фігурантаў, аднак не выключана, што Вашынгтон можа пазней увесці абмежавальныя меры.

Падрыхтоўку дакладу прадугледжвае законапраект «Аб супрацьстаянні супернікам Амерыкі праз санкцыі» (Countering Americaʼs Adversaries Through Sanctions Act, CAATS), які Доналд Трамп падпісаў у жніўні летась.

Увесь спіс можна паглядзець тут.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў