У Крамлі пракаментавалі словы Лукашэнкі пра імпарт беларускіх бананаў


Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў зняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што Уладзімір Пуцін нібыта падтрымаў ідэю кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі фінансаваць беларускіх аграрыяў для вытворчасці бананаў з наступным экспартам у Расею.

«Гэта быў жарт у адказ на жарт», – сказаў Пяскоў, не ўдаючыся ў далейшыя падрабязнасці.

Рэзанансную заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў у сераду ў Менску на трэцім Форуме рэгіёнаў Расеі ды Беларусі, пасля перамоваў з расейскім лідарам. «Раскрыю невялікі сакрэт. На закрытым пасяджэнні ён (Пуцін – рэд.) сказаў: давайце мы прафінансуем сады ў Беларусі. Калі ёсць магчымасць, хай лепш вашыя аграрыі вырабляюць яблыкі ды іншае, аж да бананаў, і прадаюць у Расею. Я падтрымліваю гэтую пазіцыю», – гэтак Лукашэнка пераказаў заяву Пуціна.

Пуцін гэтыя словы не каментаваў. У сваім выступе ён адзначыў, што палова экспартнай прадукцыі Беларусі ідзе на расейскі рынак, «але можа быць яшчэ больш». «Мы хочам мець беларускую прадукцыю, а не такую, якая транзітам праходзіць», – адзначыў прэзідэнт Расеі.

Паводле звестак Федэральнай мытнай службы Расеі, за першую палову 2015 года Беларусь нарасціла імпарт санкцыйнага харчавання. За пяць месяцаў 2015 года яна завезла ў Расею 916,4 тыс. тон тавараў, увоз якіх абмежаваны Расеяй, супраць 568,3 тыс. тон за той жа перыяд папярэдняга года. У выніку доля Беларусі ў пастаўках санкцыйных прадуктаў харчавання ў Расею вырасла з 13,5 % да 21 %.

МЯ, паводле rbc.ru

Стужка навінаў