У «Крамбамбулі» тры новыя вакалісты-«байцы партызанскага атраду»


За два дні да вялікага святочнага канцэрта гурт «Крамбамбуля» абвясціў пра пашырэнне складу: да іх далучыліся тры новыя вакалісты.

Адмыслова для выступу 21 снежня, які пройдзе ў менскім Prime Hall гурт рыхтуе новую праграму пад назвай «Партызаны каляднага лесу» і абяцае гледачам канцэптуальнае шоў з дэкарацыямі.

Прагучаць песні з шасці альбомаў «Крамбамбулі», а таксама святочныя і рамантычныя. Некаторыя давялося нават развучыць наноў – яны не гучалі больш па 5-7 гадоў.

«Напярэдадні вялікага святочнага сходу ў наш партызанскі атрад залічаны тры новыя байцы-вакалісты. Гэта ўжо вядомыя па музычных змаганнях Юры Стыльскі («Дай дарогу»), Пятро Клюеў (гурты Amplituda Smielasci і ЛСП), а таксама Алесь Дзянісаў (Dzieciuki). Ніхто з іх з «Крамбамбуляй» раней не спяваў, але мы добра ведаем іх здольнасці і ўпэўненыя, што гэта будзе моцна!»– напісана ў паведамленні гурта на Facebook.

Акрамя таго, музыкі прыдумалі для сваіх фанаў своеасаблівыя ўзнагароды: медалі і ордэны атраду «Крамбамбуля». Узнагароды вырабленыя з экалагічнага беларускага дрэва. Кандыдатаў цягам 10 дзён мог прапанаваць кожны ахвочы.

Сярод пераможцаў хлопчык Цімафей, які выратаваў і выгадаваў вулічнага ката (ён атрымае «Ордэн Міколкі Паравоза»), жаночы партызанскі атрад, які гадуе трох дзяцей (медалі «За лясное братэрства»), а таксама дзяўчына Валянціна, якая дапамагае сябрам, незнаёмым людзям і ніколі не здаецца («Ордэн дзеда Талаша).

Ёсць сярод пераможцаў і зусім сур’ёзныя людзі: «Ордэн зялёнага дуба» атрымае Павел Падкарытаў – мецэнат, які адрадзіў аграсядзібу ў Падароску; медалямі «За нашу і вашу свабоду» уганаруюць Змітра Юркевіча, які шмат зрабіў дзеля папулярызацыі гістарычнай асобы Тадэвуша Рэйтана, і яго сябра Змітра Дразда, які адкрыў грамадскасці шмат новых фактаў пра класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў