У кожнага свой шлях да Бога. Як Маша з Гомлю стала Марыям з Саудаўскай Аравіі


30-гадовая Марыям разам з мужам ужо каторы год жыве ў Саудаўскай Аравіі. Выхоўвае дваіх дзяцей, займаецца жывапісам ды верыць у Алаха. І, здавалася б, нічога дзіўнага ў гэтай гісторыі, каб не той факт, што яшчэ 8 гадоў таму яна была Машаю з Гомлю. Пра свой шлях да ісламу гамяльчанка распавяла ў размове з belsat.eu.

«Я вырашыла даць ісламу яшчэ адзін шанец»

Як так атрымалася, што Маша з Гомлю стала Марыям з Саудаўскай Аравіі?

– Марыям – гэта маё другое імя пасля прыняцця ісламу ў 2008-м годзе. Саудаўская Аравія для мяне – а дакладней для нашай сямʼі – гэта як перавалачны пункт. Калі мы прыехалі сюды па працы мужа некалькі гадоў таму, то не планавалі заставацца доўга. Зрэшты, і цяпер не плануем.

Для прыняцця такой рэлігіі як іслам для дзяўчыны з Беларусі з пэўнасцю мусілі быць важкія прычыны. Што цябе падштурхнула?

– З дзяцінства памятаю сябе асэнсаванаю атэісткай. Але бліжэй да дваццацігоддзя адбылося шмат дзіўных падзеяў, якія прывялі мяне да асэнсавання таго, што ўсё занадта зарганізавана, уладкавана, усё – невыпадкова. Я пераканалася, што ўсё мае свайго Творцу. Я чытала шмат літаратуры: хрысціянскай, будысцкай, пра розныя веравызнанні. Пра іслам таксама прачытала кнігу, якая мяне проста шакавала. Ужо крыху пазней я вырашыла даць ісламу яшчэ адзін шанец. Я набыла кнігу, якая была поўнай супрацьлегласцю першай, і мае погляды цалкам змяніліся. Гэта не было штосьці чужое, арабскае, дзікае. Гэта было працягам пачатку, таго, што неслі ўсе пасланнікі – Адзінабожжа, справядлівасць, дабрыня. Такім ёсць сапраўдны іслам. А мусульманкаю я стала ўжо ў Егіпце…

Што там адбылося?

– Недзе праз паўгода пасля турыстычнай паездкі ў Шарм-эль-Шэйх, я вярнулася туды і ўладкавалася на працу. Мяне прываблівала магчымасць выбрацца з пэўнага вакууму і пажыць у мультыкультурным асяродку, атрымаць жыццёвы досвед, палепшыць веданне ангельскае мовы. Я змяніла погляды на іслам яшчэ перад сваім працаўладкаваннем, але рэлігія не была маёй мэтаю. Я разумела, што довады ісламу мне больш блізкія. Але не было падтрымання ды існаваў страх: як быць мусульманкаю ў Беларусі? Занадта шмат стэрэатыпаў… Канчаткова я вырашылася, калі сустрэла свайго – тады яшчэ будучага – мужа.

«Адразу сказала мужу, што насіць хустку не збіраюся»

Ты кажаш пра іслам, як рэлігію, у якой ты нарэшце знайшла сябе… А былі страхі, што ты не здолееш прыстасавацца да іншай, вельмі адрознай ад еўрапейскай, культуры? Да ролі жанчыны і стандартаў ейнага выгляду?

– Гэта хутчэй пра традыцыі і менталітэт у арабскіх краінах. Не ўсё, што адбываецца ў мусульманскіх краінах, мае дачыненне да ісламу. Не кожнага чалавека з мусульманскім імем можна такім лічыць. Напрыклад, у Каіры вы зможаце ўбачыць шмат смецця на вуліцы, а іслам нас вучыць: «Чысціня – гэта палова веры». Таму шмат што традыцыйнае, ментальнае ёсць для мяне чужым.

Але калі казаць пра месца жанчын у мусульманскім свеце. Якімі былі змены асабіста для цябе?

– Тое, што іслам прыгнятае жанчын – гэта міф, я ведала яшчэ да прыняцця рэлігіі. На справе пасля прыняцця ісламу я яшчэ 5 месяцаў жыла ў Егіпце, і ў цэлым, мала што змянілася. Я працавала ў італьянскім гатэльным комплексе, хадзіла ў звычайным для мяне адзенні і ніякіх планаў апрануць хіджаб у мяне не было. Я адразу сказала мужу, што насіць хустку не збіраюся. Зрэшты, ён і не быў супраць. Адзінае, я папрасіла яго навучыць мяне маліцца. Ужо ў Гомлі адбыўся мой першы Рамадан. Падчас посту я імкнулася максімальна яго прытрымлівацца, нават хадзіла з пакрытаю галавой.

А як твая сямʼя і знаёмыя адрэагавалі на тваю веру? Былі тыя, хто такі выбар асудзіў?

– Нягледзячы на тое, што ў Егіпце мне ледзь споўнілася 22, я жыла самастойным жыццём, сама сябе забяспечвала, сама вырашала. Таму сямʼя ў цэлым успрыняла гэта як рашэнне дарослага чалавека, ніхто не спрабаваў мяне пераканаць. Лепшыя сяброўкі таксама – для іх я была такою ж роднай асобаю. Хутчэй пасля таго, як я вырашыла апрануць хіджаб у Беларусі, перамены адчуваліся. Гэта было дзесьці 2,5 гады пазней. Адна справа – ціха ў штосьці верыць, іншая – сваім выглядам ідэнтыфікаваць сябе з тым, што лічыцца чужым у Беларусі. Грамадства адразу пачынае глядзець на цябе праз прызму сваіх стэрэатыпаў. Былі знаёмыя, якія глядзелі скоса, мяркуючы, напэўна, ці то муж змусіў, ці то гэтак прамылі мазгі. Падтрымалі мяне акурат дзве лепшыя беларускія сяброўкі, якія ведалі пра маё жаданне і казалі «рабі, як лічыш патрэбным!»

«Я люблю сваю краіну»

Адзін з тваіх малюнкаў адлюстроўвае дзяўчыну ў вышываным беларускімі матывамі хіджабе – калі можна так сказаць. Адкуль узнікла ягоная ідэя?

– Мае эмоцыі і пачуцці, як у чалавека творчага, часта знаходзяць адлюстраванне на паперы ці палатне. Чуўшы перыядычна, што беларусы, якія сталі мусульманамі, здрадзілі радзіме, гэтым эскізам я адлюстравала сваё – і думаю, многіх мусульманаў – нязгоду. У прыватнасці, нядаўна ў перадачы пра беларускую сімволіку прагучала падобная заява, хаця на справе яна датычыла мусульманаў, якія атрымала беларускае грамадзянства. Нават калі я не знаходжуся на радзіме, я цікаўлюся тым, што там адбываецца. Мяне таксама хвалююць надзённыя праблемы ў грамадстве. Я люблю сваю краіну і я хацела б бачыць лепшы эканамічны і палітычны стан. «Я беларуска, я мусульманка, і ў Беларусі я дома» – сэнс гэтага малюнку.

Можа непаразуменні вынікаюць з таго, што ў Беларусі людзі ў сваёй большасці вельмі размыта разумеюць іслам і маюць шмат стэрэатыпаў? Ці фактычна тваё жыццё зараз вельмі адрознівацца ад ранейшага?

– Я заўсёды была актыўнай, таварыскай – чалавечак «open mind», як цяпер кажуць. Такой я і засталася. У Беларусі люблю хадзіць у кіно, тэатр, на творчыя выставы, пасядзець з сяброўкамі ў кавярні. Займаюся фітнесам, люблю вечаровыя прабежкі, ёгу, катанне на каньках… У Саудаўскай Аравіі хаджу ў басейн, займаюся жывапісам, люблю хадзіць на мясцовыя жаночыя імпрэзы і банкеты. Трэба адзначыць, што мясцовыя жанчыны ў гэтым дамагліся поспеху. Усё гэта я спрабую спалучаць з выхаваннем дзяцей. Ад чагосьці давялося адмовіцца, але агулам я застаюся сабою, са сваймі амбіцыямі. Я больш набыла, чым страціла.

Ты казала, што лічыш сябе беларускай. А што наконт тваіх дзяцей? Яны знаёмыя з беларускай культурай і гісторыяй?

– Думаю, у іх яшчэ будзе шанец даведацца пра гісторыю, адчуць беларускую культуру. З увагі на ўзрост штосьці ім зараз будзе незразумела. Яны нарадзіліся ў Беларусі і маюць толькі беларускае грамадзянства. Старэйшаму сыну 5 і каля паловы свайго жыцця ён правёў у Беларусі. Для яго гэта роднае месца, якое ён памятае і чакае наступнай паездкі. Малодшаму ўсяго два гады.

«У культурным плане беларусы зарэкамендавалі сябе лепш»

А ў Саудаўскай Аравіі часта даводзіцца распавядаць пра тое, адкуль ты паходзіш?

– Я часта сутыкаюся з тым, што многія не ведаюць, дзе знаходзіцца наша краіна. Але калі і даведваюцца, то лічаць мяне рускаю. Даводзіцца папраўляць нават сябровак з Індыі і Егіпту, хаця яны часта чулі ад мяне «Беларусь», а ўсё роўна потым кажуць «Расея». Але калі звычайныя людзі часта не бачаць розніцы, то людзі, якія працуюць з рознымі нацыянальнасцямі, усё ж бачаць адрозненні. Гэтак, адным з гатэляў у Егіпце, менеджар пытаўся ў мяне, чаму расейцы накладаюць у адну талерку і «другое», і дэсерт. Я сама дзівілася, кажу: «Не ведаю, я так не раблю». На што ён станоўча заявіў: «Ну канешне! Ты ж з Беларусі!». У культурным плане беларусы зарэкамендавалі сябе ўсё-ткі лепш. Гэта цешыць.

А як ставішся да таго, што да славянскіх дзяўчат у шэрагу арабскіх краінах звяртаюцца «Наташа» ці іншым абразлівым чынам? Чула падобныя звароты на свой адрас?

– На мой адрас нічога такога не было. Наадварот, калі працуеш там, і нават ходзіш у звычайным адзенні, мясцовыя ўсё адно адрозніваюць цябе ад турыстак і выказваюць павагу. «Наташа» – гэта яшчэ мякка сказана. Мяркую, што славянкі, у прыватнасці з былых краінаў СССР, заслужылі дурную славу ў многіх арабскіх краінах і Турцыі невыпадкова. Калі я працавала, то сама шмат разоў была сведкам такіх сітуацыяў, калі мне старонняму чалавеку было сорамна за «нашых». Вось толькі адзін прыклад: неяк жанчыны сярэдніх гадоў хваліліся, як яны дэманструюць свае грудзі гандляру ў лаўцы, каб даў ім добрую зніжку, і даюць аб сябе – цытую – «пацерціся». І гэта не самае горшае, што я бачыла падчас працы.

«Толькі няведанне падштурхоўвае людзей да страху»

У той жа час, у Еўропе таксама існуе шмат «забабонаў» і стэрэатыпаў у дачыненні ісламскага свету. З такім даводзілася сутыкацца?

– Пакуль прыкладаў няшмат. Адзін знаёмы запытаўся колькі ў майго мужа жонак. А неяк жанчыны на вуліцы пыталася мяне і маю гомельскую сяброўку- мусульманку (мы былі ў хіджабах), хто мы такія. Яна наагул не разумела, чаму мы так выглядаем.

А больш сурʼёзныя сітуацыі былі? Не сакрэт, што на фоне апошніх падзеяў – хвалі ўцекачоў у Еўропу і тэрактаў у Парыжы – стаўленне да ісламскага свету на Старым кантыненце моцна пагоршылася…

– Нават і без цяперашняй сітуацыі я ведаю прыклад, калі выпадковы мужчына ўдарыў нагою дзяўчыну-мусульманку з дзіцём на руках. Гэта было ў Гомлі некалькі гадоў таму. Пра іншыя канкрэтныя выпадкі агрэсіі за апошні час ад беларускіх мусульманаў я не чула. Што датычыць ІГІЛ, то гэта агульная пагроза і для мусульманскіх краінаў таксама. У той жа Саудаўскай Аравіі за апошні год было здзейснена чатыры тэракты. Усе значныя ісламскія навукоўцы, муфтыі нашага часу зрабілі шмат заяваў пра тое, што ІГІЛ – гэта пагроза ісламу, іх дзеянні разыходзяцца з прынцыпамі нашай рэлігіі. Трэба гэта разумець і не паддавацца страху. Тэрарысты небяспечныя для ўсіх нас.

А што б ты хацела сказаць суайчыннікам, якія маюць перасцярогі ў дачыненні ўсяго мусульманскага свету?

– Я думаю, гады росквіту нашай культуры былі ў перыяд Сярэднявечча, калі Беларусь была ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Быў перыяд на нашай тэрыторыі існавала тое, чаго не было ні ў заходнееўрапейскіх краінаў, ні ў маскоўскім княстве. Гэта талерантнасць і верацярпімасць. Зараз у шмат якіх беларускіх гарадах можна сустрэць карэнных беларусаў і цэлыя беларускія семʼі, якія сталі мусульманамі. Толькі няведанне падштурхоўвае людзей да страху. Не бойцеся развеяць свае стэрэатыпы, не паддавайцеся прапагандзе. Іслам заклікае нас жыць у міры з тымі, хто не робіць замаху на жыццё, свабоду і маёмасць мусульманіна.

Гутарыла Вольга Жарнасек, belsat.eu

Стужка навінаў