У кнігах Зянона Пазняка знайшлі «прыкметы экстрэмізму»


Актывіста КХП-БНФ будуць судзіць за іх увоз у Беларусь.

26 лістапада актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алеся Чахольскага выклікалі ў сталічнае аддзяленне міліцыі Фрунзенскага раёну, дзе яму далі азнаёміцца з пратаколам па арт. 17.11 КаАП (выраб, распаўсюд і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага актывіста даставілі ў суд. У выніку пратакол адправілі на дапрацоўку, а працэс адклалі, – паведаміла svaboda.org.

Напрыканцы верасня падчас перасячэння польска-беларускай мяжы беларускія мытнікі забралі ў Чахольскага на экспертызу кнігі «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» (2 асобнікі, аўтары – Зянон Пазняк і Валерый Буйвал) і кнігі Зянона Пазняка «Добрая фатаграфія» (2 асобнікі), «Сэсія незалежнасьці» (2 асобнікі).

26 кастрычніка экспертная камісія Берасцейскай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі прыйшла да высновы, што дзве кнігі з трох – «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» – «утрымліваюць прыкметы праявы экстрэмізму». Адпаведнае паведамленне актывіст атрымаў па пошце ад берасцейскіх мытнікаў. Намеснік кіраўніка мытні па праваахоўнай працы І. Рудакоў паведаміў, што мытня збіраецца звярнуцца ў суд з пазовам аб прызнанні выданняў экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Ліст з Берасцейскай мытні аказаўся ў распараджэнні tut.by

Між тым, ніякіх паведамленняў пра вынікі суда Алесь Чахольскі не атрымліваў і цяпер спрабуе высветліць, ці кнігі, якія ў яго забралі афіцыйна прызналі «экстрэмісцкай літаратурай».
Кнігі аўтарства Зянона Пазняка ўжо затрымлівалі на беларускай мяжы ў кастрычніку 2014 года. Тады 20 выданняў забралі на экспертызу ў Паўла Севярынца: «Цяжкі час–працяг», «Незалежнасьць Беларусі. 20 гадоў», «Дэклярацыя – першы крок да незалежнасьці», «Менскі гарсавет ў пэрыяд нацыянальнай рэвалюцыі (1990-1991)», «Тэрра Дэй», «Развагі», «Парсіваль» ды іншыя. У лютым 2015 года ўладальніку кнігаў паведамілі, што камісія не знайшла ў іх экстрэмізму.

Нагадаем, што адміністрацыйная справа за «выраб, распаўсюд і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі ўжо была. У жніўні 2014 года яе завялі на актывіста анархісцкага руху Рамана Халілава, які адбыў па рашэнні суда 10 содняў арышту. Экспертызы па забраных кнігах не праводзілася. Статус «экстрэмісцкай літаратуры» прызнаў суддзя Савецкага раённага суда Арцём Бяскішскі. Паводле яго, ўсе 92 матэрыялы, якія захоўваліся ў актывіста, з’яўляюцца экстрэмісцкімі.

Сёлета кіраўніца Міністэрства інфармацыі Лілія Ананіч заявіла, што адмысловая рэспубліканская камісія правяла экспертызы па 100 матэрыялах і знайшла ў 25-і з іх «прыкметы, якія падпадаюць пад пазіцыі «экстрэмізм, прапаганда ідэй нацызму, расавай, рэлігійнай нецярпімасці» ці «літаратура, якая магла б выкарыстоўвацца ў тэрарыстычных мэтах».

Выпадкі вынятку друкаванай літаратуры на мяжы. 2012 – 2015 г.г.

ЮВ, belsat.eu, паводле baj.by

Глядзі таксама
Каментары