У Клецкім раёне забаранілі прымаць на працу і звальняць без пісьмовай згоды райвыканкаму


Клецкія прадпрыемствы з 20 сакавіка не могуць прымаць і звальняць працаўнікоў без пісьмовай згоды мясцовых уладаў.

«Персанальная адказнасць за невыкананне дадзенага даручэння ўскладаецца на кіраўніка арганізацыі і спецыялістаў кадравых службаў (аж да звальнення)», — гаворыцца ў лісце, які Клецкі райвыканкам разаслаў прадпрыемствам.

Фатаграфію дакумента выклаў у Facebook кіраўнік моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч.

Як распавяла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Клецкага райвыканкаму Ала Мелюк, «гэта датычыць ўсіх арганізацыяў камунальнай формы ўласнасці, размешчаных на тэрыторыі раёну».

«Гэта звязана з даручэннем прэзідэнта па працаўладкаванні ўсіх беспрацоўных да 1 мая. Узгадненне прыёму і звальнення работнікаў праводзіцца часовай камісіяй па працаўладкаванні грамадзянаў, якія не занятыя ў эканоміцы раёну».

Паводле Алы Мелюк, у Клецкім раёне маюць намер выканаць даручэнне Лукашэнкі і працаўладкаваць усіх беспрацоўных да 1 траўня.

«Такое даручэнне, каб працаўладкаваць усіх, у тым ліку і тых, хто не звяртаецца ў службы занятасці. Мы збіраемся прапрацаваць з кожным чалавекам, які не працуе. Будзем выязджаць у сельскую мясцовасць, запрашаць кіраўнікоў прадпрыемстваў, грамадзянаў, якія не працуюць, і вызначаць у кожным індывідуальным выпадку, куды і каго працаўладкаваць. Будзем ствараць новыя працоўныя месцы, працаўладкоўваць на тыя месцы, якія цяпер маюцца, а таксама накіроўваць на аплатныя грамадскія працы», – адзначыла Ала Мелюк.

У Клецкім райвыканкаме склалі спісы тых, хто патэнцыйна мае патрэбу ў працаўладкаванні, у яго трапілі каля 800 чалавек. Спіс удакладняецца.

На 1 сакавіка ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў раёне склаў 0,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Магілёве з працаўнікамі прадпрыемстваў кампаніі «Кронаспан» забараніў праводзіць скарачэнні на прадпрыемствах і ў арганізацыях і звальняць без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады.

ДР belsat.eu паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары