У Кітаі адкрыўся філіял Гомельскага дзяржуніверсітэту імя Скарыны


У Шанхайскім прафесійным інстытуце індустрыі, камерцыі і замежных моваў адкрыўся філіял Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Ф.Скарыны – Гомельскі інстытут, паведамляе belta.by.

Адпаведныя дакументы 8 снежня падпісалі кіраўнікі кітайскай і беларускай ВНУ. Супраца паміж установамі адукацыі дзвюх краінаў пачалася ў 2015 годзе. Група студэнтаў шанхайскага інстытуту ўжо прайшла навучанне і стажыроўкі ў гомельскім універсітэце па спецыяльнасці «расейская філалогія».

У прэс-службе ГДУ імя Ф. Скарыны адзначылі, што адкрыццё філіяла ў Кітаі дазволіць рэалізаваць паўнавартасны акадэмічны абмен выкладчыкамі і студэнтамі.

«Кітайскія студэнты два з паловай гады будуць навучацца ў Шанхаі, а пасля, цягам двух ці чатырох гадоў, у Гомлі. Замежныя выпускнікі атрымаюць дыплом бакалаўра або магістра па спецыяльнасці “расейская філалогія”. З адкрыццём філіяла магчымасць выязджаць на навучальныя стажыроўкі ў Шанхайскі прафесійны інстытут індустрыі, камерцыі і замежных моваў з’явіцца і ў студэнтаў гомельскага ВНУ», – паведамілі ў прэс-службе ўніверсітэту.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў