У кіраўніка расейскага вайскова-патрыятычнага клубу канфіскавалі 13 аўтаматаў і кулямёт


Гандляра зброяй затрымалі ў Санкт-Пецярбургу падчас «кантрольнай закупкі», арганізаванай мясцовымі праваахоўнікамі, паведамляе interfax.ru са спасылкаю на ўласныя крыніцы ў МУС РФ.

Мужчына прадаў паліцыянту баявую ручную гранату Ф-1. Паводле крыніцы расейскага агенцтва, гандляр зброяй зʼяўляецца гендырэктарам пецярбургскай фірмы, а таксама ўзначальвае некамерцыйную арганізацыю «Вайскова-гістарычна-патрыятычная прапаганда».

«Падчас ператрусу памяшкання фірмы, якой валодае затрыманы, аператыўнікі знайшлі і канфіскавалі сем аўтаматаў Калашнікава розных мадыфікацыяў, ручны кулямёт Калашнікава, абрэз вінтоўкі Мосіна, каля 3 кг пораху, чатыры пакеты з серай, 3,5 кг алюмініевай пудры. Таксама былі канфіскаваныя дзесяць прадметаў, імаверна, для вырабу выбуховых прыладаў, і 34 прадметы, падобныя на самаробную выбухоўку», – распавяла агенцтву крыніца з праваахоўных органаў Санкт-Пецярбургу.

Чытайце таксама >>> Тут пахне расейскім духам. Як у Беларусі паўстае прарасейская пятая калона

У офісе «вайскова-патрыятычнага» клубу былі канфіскаваныя яшчэ шэсць аўтаматаў, два пісталеты-кулямёты ППШ, 32 гранаты Ф-1, 50 кг аміячнай салетры, два кілаграмы пораху і 12 прадметаў, падобных на самаробную выбухоўку. Сканфіскаванае накіравалі на экспертызу.

Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі агенцтва пакуль не мае.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.ru

Глядзі таксама
Каментары