У Кіеве ўсталююць помнік беларусам, якія загінулі ва Украіне


Помнік з беларускай Пагоняй і надпісамі «Жыве Беларусь» ды «Слава Украіне» ў гонар беларусаў, якія склалі жыццё за Украіну, мае зʼявіцца на вуліцы Беларускай у Кіеве.

«Атрымалі апошнія дазволы на ўсталяванне помніка загінулым за Украіну беларусам – Міхаілу Жызнеўскі і нашым хлопцам Віталіку Ціліжэнка і Алесю Чаркашыну!!! Саюз ветэранаў АТА ўзяў штурмам усе інстанцыі, мы сабралі грошы, помніку быць. Дзякуй усім датычным, гэта вельмі важна для нас і вельмі важна для мяне асабіста», – напісала ў «Фэйсбуку» каардынатарка фонду «Відродження» Вольга Гальчэнка.

На помніку акрамя сімволікі будуць змешчаныя прозвішчы загінулых беларусаў ды вершы Алеся Чаркашына. Урачыстае адкрыццё помніка ў Кіеве запланаванае на 12:00 у панядзелак 28-а сакавіка (адрас: вул. Беларуская 22).

Спадарыня Гальчэнка расказала Belsat.eu, што ініцыятыва стварэння помніка беларусам у Ківе сыходзіць ад яе. Грошы яна збірала сярод знаёмых ды калег.

«Віталік і Алесь мае сябры, можна сказаць, пабрацімы. Нас звязваюць агульныя прыгоды, шмат гадзін весялосці, абстрэлы, вайна, валанцёрства. Іх гібель вялізная і незаменная для мяне страта. Усе гэтыя помнікі і ўзнагароды – спроба аддаць належнае іх адвазе і гераічнасці», – адзначыла актывістка.

Міхаіл Жызнеўскі – адзін з першых людзей, забітых падчас Еўрамайдану ў Кіеве. Віталь Ціліжэнка і Алесь Чаркашын загінулі на Данбасе ў жніўні 2015 года, ваюючы за Украіну. Тэлеканал «Белсат» зняў кліп на песню Алеся Чаркашына «Не здавайся».

МЯ, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў