У Кіеве ўшаноўваюць памяць Герояў Нябеснай сотні


Жыхары ўкраінскай сталіцы ўзгадваюць людзей, якія загінулі ў народным паўстанні на Майдане летась.

21 лістапада 2013 года тагачасны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч вырашыў усталяваць больш шчыльныя сувязі з Расеяй і заявіў пра адмову ад падпісання гандлёвага пагаднення з Еўразвязам. Гэтае рашэнне выклікала масавыя сацыяльныя пратэсты. Майдан Незалежнасці ў Кіеве стаў галоўнай пляцоўкай барацьбы дэманстрантаў і сілавікоў.

18 лютага 2014 года канфлікт перарос у гвалтоўны разгон з расстрэлам мірнага насельніцтва. У крывавых сутыкненнях на Майдане загінулі сотні людзей. Сярод іх і беларус Міхаіл Жызнеўскі, які памёр ад кулі снайпера 22 студзеня 2014 года.

Агулам за час пратэстаў у цэнтры Кіева загінулі больш за сотню пратэстоўцаў. Праз два дні пасля крывавых падзеяў на Майдане прэзідэнт Януковіч збег з краіны.

 

Напярэдадні гадавіны масавых забойстваў у Кіеве колішні камендант Майдану, дэпутат Вярхоўнай Рады Андрэй ПарубІй распавёў, што ў тыя дні ў Кіеве працавалі 3 групы спецназу з Расеі ды адна з Беларусі. Паводле Парубія, расейскія снайперы стралялі і ў бок пратэстоўцаў, і бок украінскіх сілавікоў.

 

 

У эфіры тэлеканалу 1+1 кіраўнік СБУ Украіны Валянцін Налівайчанка заявіў, што снайперамі, якія забівалі людзей на Майдане, кіраваў дарадца прэзідэнта Расеі Уладзіслаў Суркоў. Але па-за заявамі ў медыях дэталяў у справе надзвычай мала. Афіцыйная крымінальная справа па факце масавых забойстваў у цэнтры Кіева цягнецца да гэтага часу, і калі ў ёй паставяць кропку, ніхто не кажа.

 

 

Праз баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны першая гадавіна Майдану адзначаецца надзвычай сціпла. Пад ціскам прарасейскіх баявых фармаванняў украінскія войскі вымушаныя адступаць у бок Арцёмаўску.

 

Цягам апошніх содняў сепаратысты працягнулі наступ у Луганскай вобласці. Яны ўзялі пад кантроль мястэчка Чарнухіна. Паводле непацверджаных звестак, у раёне Марыупалю былі зафіксаваныя расейскія выведныя самалёты.

 

На заўтра паміж Кіевам і самаабвешчанай ДНР запланаваны абмен палоннымі, які пройдзе не паводле ранейшай схемы «усіх на ўсіх», а згодна спісам.

 

ДР/ АН, belsat.eu

Стужка навінаў