У Кіеве развітваюцца з Паўлам Шараметам. Жывая трансляцыя


Ва ўкраінскай сталіцы пачалося развітанне з журналістам Паўлам Шараметам, якога забілі 20-га ліпеня.

Цырымонія праходзіць ва Украінскім доме. Вечарам цела даставяць самалётам на радзіму журналіста – у Менск, дзе заўтра адбудзецца пахаванне. Адпяванне пачнецца 23-га ліпеня а 11:00 у царкве Усіх Святых (Менск, вуліца Каліноўскага, 121). Пахаваюць Паўла Шарамета побач з бацькам на Паўночных могілках а 14:30.

Украінская рэдакцыя радыё «Свабоды» ладзіць жывую трансляцыю з цырымоніі развітання ў Кіеве.

Журналіст Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля, у якім ён ехаў. Гэтая машына належала кіраўніцы «Украінскай праўды» Алене Прытуле, але яе ў машыне не было. Паліцыя папярэдне кваліфікуе выбух аўтамабіля як наўмыснае забойства.

Як заявіў дарадца кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Зоран Шкірак, у аўтамабілі журналіста спрацавала, паводле папярэдніх звестак, самаробнае выбуховае прыстасаванне магутнасцю ад 400 да 600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Для расследавання абставінаў забойства журналіста сілавікі стварылі аператыўную групу, у дзейнасці якой маюць узяць удзел прадстаўнікі ФБР.

МЯ, паводле radiosvoboda.org

Глядзі таксама
Каментары