У Кіеве пратэстуюць шахцёры і ветэраны-афганцы. Адбыліся сутычкі з паліцыяй


Каля цэнтральнага ўваходу ў будынак Вярхоўнай Рады Украіны ў Кіеве ад раніцы 19 чэрвеня праходзяць акцыі шахцёраў, чарнобыльцаў і ветэранаў вайны ў Афганістане. Акцыя арганізаваная незалежным прафсаюзам шахцёраў. Ужо адбыліся першыя сутычкі з паліцыяй.

Як паведамляе агенцтва УНІАН, людзі прарваліся непасрэдна да сценаў Рады. У гэты момант натоўп з прыкладна тысячы чалавек знаходзіцца на прыступках уваходу ў парламент.

Паведамляецца таксама, што ўдзельнікі мітынгу ўжылі супраць паліцыянтаў дубінкі і слезацечны газ. Паміж мітынгоўцамі і праваахоўнікамі адбываецца бойка.

Паводле інфармацыі украінскіх СМІ, журналістаў цяпер не выпускаюць з будынку парламента.

Ветэраны-афганцы выставілі ўладам шэраг сацыяльных патрабаванняў: адмена манетызацыі льготаў, павелічэнне кампенсацыі інвалідам вайны.

Шахцёры патрабуюць ад дэпутатаў ухваліць законапраект, які прадугледжвае павелічэнне фінансавання дзяржаўных шахтаў і ліквідаваць запазычанасць па заробках.

Будзе абнаўленне.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў