У Кіеве перакулілася цыстэрна з алеем – людзі падцягнуліся з бутэлькамі


На адным з праспектаў украінскай сталіцы адбылася буйная аварыя – перавярнулася цыстэрна са сланечнікавым алеем. «Грынпіс бы плакаў», – каментуюць украінскія інтэрнаўты дзеянні жыхароў Кіеву, якія прыйшлі на месца здарэння.

Цяжкавік з алеем заехаў у адбойнік і перакуліўся. Кіроўца пацярпеў, але ад шпіталізацыі адмовіўся, паведамляе interfax.com.ua. Паводле папярэдняй інфармацыі, у аўтамабілі абарваўся кардан, што і прывяло да аварыі.

Пашкоджанняў іншых транспартных сродкаў – няма, але на праезную частку вылілася шмат алею. З адтуліны ў перавернутым цяжкавіку прадпрымальныя жыхары Кіева паспелі ўдосталь наліць сабе алею ў пластыкавыя бутэлькі, падае kiev.vgorode.ua.

Гэта выклікала шэраг жартаў у інтэрнэце. «Гонар бярэ за нашых кіяўлянаў, якія ў барацьбе з перакуленай цыстэрнай расліннага алею ратуюць сталіцу ад экалагічнай катастрофы з пустымі біклажкамі наперавес! – напісаў у сваім «Фэйсбуку» ўкраінскі дакументаліст Юрый Крывенка. – Вось бы ўсе людзі планеты Зямля так турбаваліся за чысціню навакольнага асяроддзя».

«Грынпіс бы плакаў», – напісаў інтэрнаўт пад здымкамі з месца здарэння.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў