У кіеўскім метро затрымалі жанчыну з гранатамі


На станцыі метро «Залатыя вароты» ў Кіеве затрымалі маладую жыхарку ўкраінскай сталіцы са зброяй у торбе.

Працаўнікі патрульнай службы метрапалітэну выявілі і затрымалі 28-гадовую кіяўлянку, якая перавозіла боепрыпасы і халодную зброю. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства ўнутраных справаў Украіны.

Праваахоўнікі былі на станцыі разам са службовым сабакам. Менавіта натрэнаваная аўчарка паказала міліцыянтам на жанчыну, якая несла ў руках дарожную сумку. Жанчыне прапанавалі прайсці ў пакой міліцыі. «У прысутнасці панятых працаўнікі міліцыі выявілі і канфіскавалі дзве гранаты РГД-2Б, два сігнальна-асвятляльныя патроны 254-274, два патроны да аўтамата Калашнікава 7х62, пяць пустых магазінаў да аўтамата Калашнікава і паляўнічы нож», – дакладвае прэс-служба кіеўскай міліцыі.

Усё канфіскаванае накіравалі на даследаванне ў Навукова-даследчы экспертна-крыміналістычны цэнтр у Кіеве.

Маладая жанчына адмовілася патлумачыць, адкуль у яе боепрыпасы, і з якой мэтай яна іх перавозіла. Ніякіх адпаведных дазволаў у кіяўлянкі не было. За незаконны абарот зброяй (ч. 1 арт. 263 Крымінальнага кодэксу Украіны) жанчыне пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

МЯ, паводле mvs.gov.ua

Стужка навінаў