У Кангрэсе ЗША дамовіліся наконт больш суворых санкцыяў адносна Расеі


Рэспубліканцы і дэмакраты ў амерыканскім кангрэсе ўзгаднілі законапраект пра новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі ў адказ на магчымае расейскае ўмяшанне ў перадвыбарную кампанію ЗША.

Законапраект прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці ўжо існуючых санкцый, уведзеных амерыканскімі ўладамі ў дачыненні да некалькіх сектараў расейскай эканомікі пасля анексіі Крыму і пачатку ўзброенага канфлікту ў Данбасе, а таксама санкцыі за магчымае ўмяшанне Расеі ў амерыканскую выбарчую кампанію, паведамляе Бі-бі-сі.

Сенат ЗША ўхваліў дакумент яшчэ ў чэрвені.

У Еўразвязе насцярожана паставіліся да новага законапраекту. Еўракамісія папярэдзіла аб магчымых негатыўных наступствах законапраекта, асабліва ў дачыненні да намаганняў ЕЗ па дыверсіфікацыі крыніц энергіі з Расеі.

Санкцыі супраць Расеі – частка новага законапраекта, які прадугледжвае таксама санкцыі супраць Ірану і Паўночнай Карэі. Галасаванне ў ніжняй палаце прадстаўнікоў намечана на аўторак.

Пасля гэтага дакумент адправіцца на подпіс да прэзідэнта ЗША Дональду Трампу. Ён можа накласці вета на законапраект, але, як паказваюць назіральнікі, гэта толькі ўзмоцніць падазрэнні ў падтрымцы Трампам дзеянняў Крамля.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў